Безлактознае марожанае, закваскі для сыроў. Над якімі навінкамі працуюць у малочнай галіне Беларусі
Фота з архіва 19 чэрвеня, Мінск . Над якімі навінкамі працуюць у малочнай галіне, расказала на прэс-канферэнцыі «Беларуская малочная прадукцыя: тэхналагічнасць, карысць і патэнцыял для сучаснага рацыёну» першы намеснік дырэктара РУП «Інстытут мяса-малочнай прамысловасці», кандыдат тэхнічных навук, дацэнт Наталля Фурык,
Паводле слоў Наталлі Фурык, распрацоўкі Інстытута мяса-малочнай прамысловасці адпавядаюць трэндам развіцця галіны. «За апошнія гады значна пашыраны асартымент сухіх малочных прадуктаў. Да іх адносяцца сумесі для марожанага, сухія напіткі, кактэйлі. Таксама мы распрацавалі тэхналогію сухога хуткарастваральнага малака, абястлушчанага і натуральнага. У планах — распрацоўка сухіх нармалізаваных сумесей для вытворчасці бялковых прадуктаў: тварагу і сыру», — адзначыла яна.
Паводле слоў эксперта, інстытут не адзін год працуе над высокатэхналагічнымі малочнымі інгрэдыентамі. «Распрацаваны канцэнтраты сыроватачных і малочных бялкоў, казеіны і казеінаты. Цесна пачынаем займацца міцэлярным казеінам. Разам з тым ёсць тэхналогія вытворчасці пермеатаў і лактозы, а таксама лактаферыну — гэта вялікі праект, які рэалізуецца на Слуцкім сыраробным камбінаце, — дапоўніла яна. — Менавіта дзякуючы сумеснай рабоце навукі і вытворчасці сфармуляваны патрабаванні да лактаферыну як інгрэдыенту. Гэта ўзгоднена з Міністэрствам аховы здароўя, што з’яўляецца адным з крокаў да серыйнага выпуску гэтага бялку».
У інстытуце падтрымліваецца Рэспубліканская калекцыя прамысловых штамаў заквасачных культур і іх бактэрыяфагаў, якая дае магчымасць распрацоўваць тэхналогіі заквасак. «Цяпер у нас у распрацоўцы замарожаныя закваскі для сыроў тыпу «Маасдам», куды ўваходзяць прапіёнавакіслыя і малочнакіслыя бактэрыі, закваскі для розных выцяжных сыроў. Займаемся стварэннем закваскі для нізкатлустых сыроў, падабралі для іх унікальныя культуры, якія дазваляюць атрымаць нізкатлусты сыр са смакам традыцыйнага сыру», — расказала Наталля Фурык.
«Ёсць яшчэ цікавая лінейка заквасак, у якой выкарыстоўваем новы від мікраарганізмаў, які дае магчымасць выпрацоўваць сыры і забяспечвае больш хуткае іх выспяванне, што таксама актуальна для прамысловасці», — дапоўніла першы намеснік дырэктара.
Актыўна вядзецца работа над пашырэннем асартыменту функцыянальных прадуктаў. «Адным з апошніх трэндаў, якія распрацаваны вучонымі і актыўна ўкаранёны ў прамысловасць, з’яўляюцца безлактозныя і нізкалактозныя прадукты. З цікавых навінак — нізкалактознае і безлактознае марожанае, безлактозны сыр. Таксама прадоўжыцца работа з прабіятычнымі культурамі для надання пэўных функцый нашым прадуктам», — растлумачыла яна.
Акрамя таго, Наталля Фурык адзначыла, што ў інстытуце працуюць з авечым малаком. Для яго была распрацавана нарматыўная дакументацыя і тэхналогіі па вытворчасці ёгуртаў, а таксама іншых кісламалочных прадуктаў. «Гэта сыравіна вельмі перспектыўная для выпрацоўкі высокабялковай прадукцыі, тварожных вырабаў і сыроў», — падкрэсліла яна.



