Беларускі вопыт прадстаўлены на нарадзе ЕЭК ААН па статыстыцы насельніцтва і міграцыі
Фота прэс-службы Белстата 25 верасня, Мінск . Беларускі вопыт прадстаўлены на нарадзе Групы экспертаў ЕЭК ААН па статыстыцы насельніцтва і міграцыі ў Жэневе. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе Белстата.
На сустрэчы разглядаюцца сучасныя рашэнні ў правядзенні перапісаў насельніцтва, развіцці статыстыкі міграцыі, выкарыстанні адміністрацыйных даных і новых крыніц інфармацыі.
Ад Беларусі ў нарадзе прынялі ўдзел намеснік старшыні Нацыянальнага статыстычнага камітэта Аляксей Яркавец і начальнік галоўнага ўпраўлення дэмаграфічнай статыстыкі і перапісу насельніцтва Ірына Бічан. Яны прэзентавалі запланаваныя падыходы да лічбавізацыі статыстычнай сістэмы, заснаваныя на інтэграцыі даных з розных крыніц, удасканаленні метадаў іх апрацоўкі і інавацыйных рашэннях на аснове штучнага інтэлекту.
Адным з напрамкаў прадстаўленага вопыту стала развіццё статыстычнага рэгістра насельніцтва як элемента лічбавай інфраструктуры статыстычнай сістэмы. «Задача статыстычнага рэгістра заключаецца ў аб’яднанні звестак аб рэспандэнтах у адну сістэму з выкарыстаннем адзінага ідэнтыфікатара, — растлумачыў Аляксей Яркавец. — Прадугледжваецца загрузка інфармацыі з адміністрацыйных даных аб эканамічным і сацыяльным статусе насельніцтва, якая характарызуе нараджальнасць, смяротнасць, міграцыю, занятасць, адукацыю, змяненне сямейнага становішча».
Акрамя таго, беларускія статыстыкі плануюць выкарыстоўваць ШІ для ачысткі і нармалізацыі даных, выяўлення анамалій і супярэчнасцей. «Адначасова разглядаецца выкарыстанне абязлічаных даных мабільнага пазіцыянавання як дадатковай крыніцы для аналізу міграцыі і фактычнага прасторавага размеркавання насельніцтва», — дапоўніў намеснік старшыні Белстата.
Стратэгічная мэта Белстата — фарміраванне сучаснага лічбавага асяроддзя для работы з данымі і статыстычнай вытворчасці. Удзел беларускіх статыстыкаў у мерапрыемствах ЕЭК ААН дае магчымасць абмяняцца вопытам з сусветнымі экспертамі.





