Беларускі цэнтр народнай дыпламатыі ШАС створаны ў Мінску
12 лістапада, Мінск . Вечар, прысвечаны стварэнню Беларускага цэнтра народнай дыпламатыі ШАС і 25-годдзю Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва (ШАС), адбылася 12 лістапада ў Доме дружбы,
Як падкрэсліў на мерапрыемстве намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення Азіі і Афрыкі МЗС Беларусі Уладзімір Серпікаў, у ШАС актыўна абмяркоўваецца пытанне ўзмацнення ўзаемадзеяння па лініі народнай дыпламатыі. Так, цэнтры народнай дыпламатыі і дружбы ўжо існуюць у Кітаі, Індыі, Кыргызстане, Расіі, Таджыкістане і Узбекістане. Іх дзейнасць сведчыць аб узрастаючым інтарэсе да ўзмацнення ўзаемадзеяння краін «шанхайскай сям’і» на грамадскім узроўні.
«З уступленнем Беларусі ў ШАС у якасці паўнапраўнага члена ў 2024 годзе ў нас з’явілася магчымасць падключыцца да гэтай работы, — сказаў прадстаўнік МЗС. — Народная дыпламатыя — важны канал узаемасувязі паміж народамі нашых краін».
«За 25 гадоў існавання ШАС ператварылася ў еўразійскі цэнтр шматпалярнага светаўладкавання, стала адным з ключавых механізмаў падтрымання міру і стабільнасці на прасторы Еўразіі», — адзначыў старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Палаты прадстаўнікоў Сяргей Рачкоў.
Доктар гістарычных навук прафесар Андрэй Русаковіч у сваім выступленні сказаў, што народная дыпламатыя цяпер з’яўляецца магутным і дзейсным рэсурсам умацавання супрацоўніцтва. Ён выказаў упэўненасць, што Беларускі цэнтр народнай дыпламатыі ШАС будзе садзейнічаць рэалізацыі асноўных мэт і задач ШАС, умацаванню «шанхайскага духу».
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Кітая ў Беларусі Чжан Вэньчуань падкрэсліў, што за 25 гадоў ШАС прайшла няпросты шлях развіцця. «Важнейшым дасягненнем развіцця стала пашырэнне складу дзяржаў-заснавальніц да «вялікай сям’і ШАС», якая ахоплівае 27 дзяржаў на трох кантынентах, — адзначыў дыпламат. — Сёння ШАС з’яўляецца важнай рэгіянальнай арганізацый супрацоўніцтва, якая не мае роўных у свеце па тэрыторыі і колькасці насельніцтва і валодае вялікім патэнцыялам развіцця».
На думку пасла КНР, важным з’яўляецца нязменнае прытрымліванне «шанхайскага духу», які абапіраецца на прынцыпы ўзаемнага даверу і ўзаемнай выгады, роўнасці і кансультацый, павагі разнастайнасці цывілізацый і сумеснага развіцця. «Шанхайскі дух» пераадольвае мысленне халоднай вайны, тэзіс аб сутыкненні цывілізацый, адлюстроўваючы агульныя спадзяванні і каштоўнасныя арыенціры дзяржаў-членаў у дачыненні да міру, развіцця, супрацоўніцтва і ўзаемнага выйгрышу. Важнейшым вопытам супрацоўніцтва з’яўляецца знаходжанне правільнага шляху суіснавання, заснаванага на прынцыпах неканфрантацыі і ненакіраванасці супраць трэціх бакоў, а таксама садзейнічанне таму, каб дзяржавы рэгіёна сумеснымі намаганнямі будавалі агульны дом.
Кітайскі бок у 2013 годзе заснаваў Камітэт ШАС па добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве, які ўзяў на сябе вядучую ролю ў правядзенні мерапрыемстваў народнай дыпламатыі ў рамках ШАС. «Пасля афіцыйнага далучэння Рэспублікі Беларусь да Шанхайскай арганізацыі супрацоўніцтва ў 2024 годзе супрацоўніцтва паміж Кітаем і Беларуссю ў рамках ШАС атрымала ўсебаковае паскарэнне па ўсіх напрамках, а кантакты паміж народамі сталі больш актыўнымі. У ліпені гэтага года дэлегацыя Камітэта ШАС па добрасуседстве, дружбе і супрацоўніцтве наведала Беларусь», — расказаў дыпламат.
Чжан Вэньчуань запэўніў, што кітайскі бок і ў далейшым будзе надаваць вялікае значэнне развіццю дружбы з дзяржавамі — членамі ШАС.
Удзел у мерапрыемстве таксама прынялі паслы шэрага краін — членаў ШАС.






