Беларуска Гурэева стала чацвёртай на этапе Кубка свету па пяцібор’і ў Венгрыі
Фота з архіва 12 чэрвеня, Мінск . Беларускія атлеты засталіся без узнагарод трэцяга этапу Кубка свету па сучасным пяцібор’і 2026 года, які прымае сталіца Венгрыі Будапешт,
У жаночым фінале выступілі дзве беларускі. Віялета Гурэева пасля трох дысцыплін (фехтавання, плавання і паласы перашкод) ішла першай, але па ходзе лазер-рана выпала з тройкі, уступіўшы ў барацьбе за бронзу чатыры секунды Лаўры Херэдыя з Іспаніі. Наша Марыя Гнедчык стала 16-й сярод 18 дзяўчат. Першае і другое месцы занялі венгерка Бланка Гузі і брытанка Попі Кларк.
На стартавым этапе Кубка свету ў красавіку ў Каіры Гурэева была трэцяй, серабро тады заваявала яшчэ адна прадстаўніца Беларусі Настасся Малашанока. На другім этапе ў балгарскім Пазарджыку ў маі Настасся замкнула пяцёрку мацнейшых.
Мужчынскі фінал у Будапешце адбудзецца 13 чэрвеня без удзелу беларускіх спартсменаў. Максім Марук і Уладзіслаў Мелказёраў занялі 11-я месцы ў сваіх паўфіналах, далей з кожнай падгрупы прайшлі па 9 лепшых. Іван Хамцоў паказаў агульны 33-і рэзультат сярод 36 удзельнікаў гэтай стадыі.
Турнір у сталіцы Венгрыі стаў першым стартам пад эгідай Міжнароднага саюза сучаснага пяцібор’я (UIPM) з 2022 года, на якім нашы атлеты выступілі з нацыянальнай сімволікай. Рашэнне аб зняцці ўсіх абмежаванняў з беларусаў UIPM прыняў 12 мая. Фінальны этап Кубка свету 2026 года пройдзе таксама ў Будапешце з 26 па 28 чэрвеня.






