Прапануемыя навацыі ў сферы ліцэнзавання сталі тэмай нарады ў Прэзідэнта
10 верасня, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сабраў нараду па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці. На разгляд вынесены падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі праект закона «Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання»,
«Лічу, што пытанне вельмі важнае і актуальнае для краіны ў цэлым», — адзначыў беларускі лідар.
Ён папрасіў парламентарыяў удзяліць сур’ёзную ўвагу гэтаму пытанню: «Трэба перш за ўсё дэпутатам узварухнуцца. Дасведчаныя людзі. Разам з зацікаўленымі людзьмі сесці і прапрацаваць гэты законапраект. І не проста «змяненні і дапаўненні», а ў цэлым паглядзець на гэты закон».
У ліку прапанаваных у законапраекце навацый — увядзенне ліцэнзавання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, паслуг па мантажы і абслугоўванні дамафонаў, а таксама змяненне патрабаванняў да медработнікаў у прыватным сектары аховы здароўя.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць найбольш вострыя навелы дакумента, каб вызначыць падыходы да яго далейшай дапрацоўкі ў парламенце.
Гаворачы пра сам тэрмін «ліцэнзаванне», Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта своеасаблівыя правілы гульні. «У аснове ляжыць дазвол. Ёсць ліцэнзія — іду працую. Могуць быць і абмежаванні, — сказаў ён. — Неабходна разумець, што калі мы гаворым пра абмежаванні, то яны з’яўляюцца вымушанымі і павінны быць накіраваны на карысць, а не на шкоду. Задача — абараніць жыццё і здароўе людзей, забяспечыць бяспеку дзяржавы. І тут не трэба баяцца (вось, ліцэнзаванне — гэта лішняе рэгуляванне і гэтак далей), калі гаворка ідзе пра сур’ёзныя рэчы».
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба ў законе вызначыцца па пытанні маштабаў ліцэнзавання, у тым ліку вывучыўшы практыку ў іншых дзяржавах. «Сур’ёзна трэба паставіцца да гэтага закона. Таму я і настойваю на яго перапрацоўцы поўнасцю, а не толькі дапаўненні і змяненні», — падкрэсліў беларускі лідар.
«Ліцэнзаванне — ні ў якім разе не самамэта. Зарэгуляваць можна любы від дзейнасці. Але залішнія бар’еры, недастаткова ўзважаныя рашэнні, нават недапрацаваныя фармулёўкі могуць вельмі неспрыяльна паўплываць як на людзей, так і на эканоміку, — заўважыў Прэзідэнт. — Парламент і ўрад павінны дакладна бачыць наступствы рашэнняў. Важна не дапускаць новаўвядзенняў з мэтай дагадзіць ведамасным інтарэсам, якія могуць выклікаць справядлівы негатыўны водгук у грамадстве. Гэта таксама трэба ўлічваць. Але не гэта галоўнае. Калі трэба, значыць, трэба. Неабходна разумець, як гэта будзе працаваць на практыцы. І не толькі ў Мінску, але і ў аддаленай вёсачцы. Закон ёсць закон».
Падагульняючы, Прэзідэнт яшчэ раз абазначыў асноўны падыход: «Не трэба падмяняць вырашэнне праблем устанаўленнем адміністрацыйных бар’ераў, калі гэта не трэба. Таксама неабходна больш увагі ўдзяляць вынікам публічнага абмеркавання законапраектаў. Прадстаўляць трэба Прэзідэнту тыя ці іншыя праекты, якія ў поўным аб’ёме выносіліся на суд грамадскасці. Гэта таксама важна — мець пэўнае заключэнне, як людзі ўспрымаюць тыя ці іншыя праекты, перш чым яны стануць законамі. Заканадаўства павінна быць максімальна стабільным».







