Беларусь гатова ўдзельнічаць у маштабных інфраструктурных праектах у Кыргызстане
10 лістапада, Мінск . Адным з прыярытэтных вектараў супрацоўніцтва бачыцца інтэграцыя беларускага прамысловага і інжынернага патэнцыялу ў рэалізацыю маштабных інфраструктурных ініцыятыў у Кыргызстане. Аб гэтым заявіў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Аляксандр Церахаў у час пасяджэння міжурадавай беларуска-кыргызскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве,
«Інтарэс уяўляюць такія стратэгічныя аб’екты, як Камбарацінская ГЭС і кыргызскі сегмент чыгункі Кітай — Кыргызстан — Узбекістан. Беларусь выказвае гатоўнасць забяспечыць пастаўку высокатэхналагічнага абсталявання і прыцягнуць вядучыя праектныя будаўнічыя арганізацыі да выканання адпаведных работ. Пры гэтым мы нацэлены на выбудоўванне доўгатэрміновага комплекснага і сістэмнага партнёрства», — сказаў Аляксандр Церахаў.
Ён адзначыў, што Беларусь мае кампетэнцыі ў вытворчасці энергетычнага абсталявання, будаўнічых машын, матэрыялаў і інжынерных сістэм. Беларускія арганізацыі таксама могуць прапанаваць рашэнні для мадэрнізацыі аб’ектаў водазабеспячэння, цеплазабеспячэння, добраўпарадкавання гарадской інфраструктуры.
Для развіцця беларуска-кыргызскіх адносін важную ролю адыгрывае прамысловая кааперацыя. «Неабходна вызначыць галіны, у якіх магчыма стварэнне новых сумесных вытворчасцей, лакалізацыя асобных відаў прадукцыі, узаемная перадача тэхналогій і арганізацыя сэрвіснага суправаджэння. Гатовы разглядаць пастаўкі абсталявання і тэхнікі, удзел у мадэрнізацыі вытворчых аб’ектаў, падрыхтоўку кадраў і сумеснае асваенне новых рынкаў», — абазначыў віцэ-прэм’ер.
У Бішкеку запушчана сумесная вытворчасць трансфарматараў. «Рэалізацыя гэтага праекта дэманструе, што ў беларускіх і кыргызскіх прадпрыемстваў ёсць магчымасці для прамысловай кааперацыі, узаемнага выкарыстання вытворчых кампетэнцый і стварэння прадукцыі непасрэдна на тэрыторыі Кыргызстана. Лічу гэты вопыт асабліва важным з пункту гледжання развіцця далейшага партнёрства. Разлічваю, што паспяховы прыклад з выпускам трансфарматараў атрымае прадаўжэнне і ў іншых галінах», — дадаў Алякснадр Церахаў.

Значныя перспектывы развіцця таксама адкрываюцца ў аграпрамысловым комплексе. Для беларускага боку мае асаблівы інтарэс імпарт тавараў, вытворчасць якіх абмежавана кліматычнымі асаблівасцямі рэгіёна. У сваю чаргу Беларусь гатова прапанаваць кыргызскаму боку перадавыя тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі, сучасную тэхніку для захоўвання і перапрацоўкі прадукцыі. Для дасягнення максімальнай эфектыўнасці прапануецца дадаткова прапрацаваць увесь цыкл узаемадзеяння — ад этапаў вытворчасці і сертыфікацыі да ветэрынарнага і фітасанітарнага кантролю.
Асаблівы акцэнт — на развіцці транспартных зносін. На думку віцэ-прэм’ера, патрабуецца дэталёвы аналіз бягучых маршрутаў для распрацоўкі мер па скарачэнні тэрмінаў дастаўкі. У сферы аховы здароўя трэба разгледзець магчымасці супрацоўніцтва ў галіне дыягностыкі і лячэння, а таксама пашырэння ўзаемадзеяння ў фармацэўтычнай сферы.
«Лагічным завяршэннем бягучага комплексу мер па збліжэнні можа стаць запуск прамых авіязносін паміж Мінскам і Бішкекам. Рэгулярныя рэйсы створаць неабходныя ўмовы для інтэнсіфікацыі дзелавых кантактаў, паскораць грузаабарот, прастымулююць турыстычны паток і ўмацуюць гуманітарныя сувязі. Гэта пытанне, на мой погляд, павінна і далей знаходзицца ў спісе актуальных двухбаковых тэм», — абазначыў Аляксандр Церахаў.
Папярэдняе пасяджэнне адбылося ў Бішкеку ў лістападзе 2024 года. З гэтага моманту беларуска-кыргызскае ўзаемадзеянне атрымала прыкметнае развіццё. «Па выніках 2025 года ўзаемны тавараабарот склаў больш за $340 млн. Пры гэтым істотны ўклад у агульныя вынікі ўнесла павелічэнне паставак кыргызскай прадукцыі на беларускі рынак. Тэндэнцыя росту ўзаемных паставак захоўваецца і ў бягучым годзе», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер і адзначыў, што задача да 2030 года дасягнуць тавараабароту з Кыргызстанам $500 млн рэалізуемая.
«Нягледзячы на геапалітычную турбулентнасць, эканомікі нашых краін захоўваюць высокія тэмпы развіцця, а гэта значыць, што перадумовы для далейшага росту ёсць, асабліва з улікам нашага членства ў ЕАЭС. Адзіныя правілы гандлю, адсутнасць мытных пошлін ва ўзаемных пастаўках, узгодненыя тэхнічныя і санітарныя патрабаванні ствараюць спрыяльныя ўмовы для работы прадпрыемстваў Беларусі і Кыргызстана. Наша задача — забяспечыць больш поўнае выкарыстанне гэтых пераваг, пашырыць прамыя кантакты паміж суб’ектамі гаспадарання і сфарміраваць новыя доўгатэрміновыя кантракты», — заявіў Аляксандр Церахаў.
Фота Віталя Піваварчыка





