У ЗША заявілі аб падрыхтоўцы асновы для сустрэчы Трампа і Сі Цзіньпіна
Дональд Трамп і Сі Цзіньпін. Фота АР 21 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Перагаворы паміж прадстаўнікамі ЗША і Кітая 20 верасня былі накіраваны на падрыхтоўку асновы для паспяховага правядзення саміту ў Вашынгтоне паміж прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам і старшынёй Кітая Сі Цзіньпінам. Аб гэтым заявіў прадстаўнік Злучаных Штатаў на гандлёвых перагаворах Джэймісан Грыр, паведамляе ТАСС.
«Мы займаемся падрыхтоўкай асновы, каб, калі старшыня Сі Цзіньпін прыбудзе ў Вашынгтон у чацвер, прэзідэнт Трамп і старшыня Сі Цзіньпін маглі правесці паспяховы саміт», — сказаў Джэймісан Грыр у размове з журналістамі па выніках кансультацый у Нью-Ёрку.
Ён дадаў, што дзейнасць заснаванага двухбаковага Савета па гандлі будзе накіравана на вызначэнне катэгорый тавараў, якімі Вашынгтон і Пекін маглі б гандляваць на ўзаемавыгадных умовах.
«Мы чакаем, што з боку Кітая гэта будзе спажывецкая прадукцыя, нізкатэхналагічныя тавары, а з амерыканскага боку — энерганосьбіты, сельскагаспадарчая прадукцыя, патэнцыяльна медыцынскае абсталяванне і падобныя рэчы», — адзначыў гандлёвы прадстаўнік ЗША.
Сустрэча Трампа і Сі Цзіньпіна запланавана на 24 верасня ў Белым доме. Як паведамляе Bloomberg, гэта будзе першы дзяржаўны візіт кітайскага лідара ў Вашынгтон за больш як дзесяць гадоў.-0-






