Акцыя «За бяспеку — разам!» стартавала на «Славянскім базары ў Віцебску»
Фота з архіва 16 ліпеня, Віцебск . Акцыя Міністэрства ўнутраных спраў «За бяспеку — разам!» стартавала на плошчы Тысячагоддзя ў рамках фестывалю «Славянскі базар у Віцебску»,
Маштабнае міліцэйскае свята пройдзе з 16 па 19 ліпеня. Сёння госці ўбачылі паказальныя выступленні спецпадраздзяленняў МУС з «пагоняй і захопам злачынцаў» і музычныя выступленні артыстаў. Штодзень на лакацыях можна будзе азнаёміцца з дзейнасцю падраздзяленняў, устаноў адукацыі і ваенна-патрыятычных клубаў МУС, пракаціцца з міліцыянерамі на сегвэях, электраскутарах і трыцыклах, убачыць работу коннага патруля, пакаштаваць салдацкай кашы і атрымаць задавальненне ад музычных нумароў.
Як заўважыў міністр унутраных спраў Іван Кубракоў, акцыя «За бяспеку — разам!» пачыналася менавіта на «Славянскім базары», а сёння праводзіцца па ўсёй краіне. «Гэта акцыя — сумесная работа не толькі супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, у ёй удзельнічаюць усе грамадзяне. Нашу краіну называюць бяспечнай. Гэта сапраўды так — не толькі дзякуючы рабоце праваахоўнікаў, але, у першую чаргу, дзякуючы людзям», — падкрэсліў міністр.
На думку Івана Кубракова, такія акцыі сапраўды дапамагаюць людзям зразумець: Беларусь сёння — месца, куды можна прыехаць адпачыць, але пры гэтым не трэба непакоіцца наконт бяспекі, бо яе гарантуюць беларускія праваахоўнікі.
«Сёння на ўсіх лакацыях мы паказваем сваю тэхніку і ўзбраенне і гэтым хочам сказаць адно: для забеспячэння бяспекі ў краіне ёсць усё неабходнае. У час XXXV фестывалю «Славянскі базар» мы традыцыйна забяспечваем ахову грамадскага парадку ў горадзе і ва ўсёй краіне. Традыцыйна міліцыя нясе службу ва ўзмоцненым рэжыме — каля тысячы супрацоўнікаў штодзень задзейнічаюцца для аховы парадку», — дадаў Іван Кубракоў.





