«Адчулі пах гару і ўбачылі машыны МНС». Што гавораць жыхары палаючага дома ў цэнтры Мінска
28 чэрвеня, Мінск . Жыхары дома, што гарыць у цэнтры Мінска, па адрасе вул.Леніна, 9, расказалі , як пачынаўся пажар.

Кватэра Ірыны — на адным паверсе з кватэрай, над якой бушуе полымя. «Каля 19.00 я адчула пах гару. Зірнула ў акно, а там ужо МНС, пажарныя машыны стаяць. Да нас адразу прыйшлі і сказалі, што трэба выходзіць. Я паспела схапіць свайго сабаку і выбегла, у чым была. Цяпер сяджу ў двары на лаўцы, чакаю, што хлопцы справяцца з пажарам», — расказала жанчына.





Святлана жыве ў гэтым жа доме, але ў рагавым пад’ездзе. «Убачыла з акна дым. Я падумала, што пажар хутка патушаць. Потым мне давялося схапіць на рукі свайго хворага сабаку і выбягаць. Вось сядзім цяпер у скверы, сабаку дрэнна, я не ведаю, што думаць», — сказала яна.
Міхаіл жыве на пятым паверсе — адразу пад адной з кватэр, над якой гарыць дах. Яго не было дома ў момант узгарання, прыехаў ён на месца праз гадзіну. «У нас на паддашку былі офісы, напэўна, у іх прычына. Дом стары — 1950 года пабудовы, перакрыцці драўляныя, таму гарыць, як запалка, патушыць не могуць», — растлумачыў ён.
Фота Таццяны Матусевіч






