«Ацэньваем выязную серыю станоўча». Брылін пасля перамогі ў Ніжнякамску
Сяргей Брылін. Фота ФХБ 18 лістапада, Мінск . Галоўны трэнер мінскага «Дынама» Сяргей Брылін назваў матч супраць «Нафтахіміка» вызначальным для ацэнкі ўсяго гасцявога турнэ,
Паядынак мінчан і ніжнякамцаў закончыўся першай у сезоне перамогай сталічнага клуба ў серыі булітаў (2:1). Зак Фукале адбіў 29 кідкоў з 30, у асноўны час у «зуброў» закінуў Станіслаў Галіеў.
“Перад гульнёй гаварыў хлопцам, што калі мы добра згуляем і атрымаем перамогу, то зможам ацэньваць усю выязную серыю станоўча. Таму матч меў для нас вялікае значэнне. Пачалі не вельмі добра, цяжка выходзілі з-пад націску. У другім перыядзе выраўнялі гульню, нават перахапілі ініцыятыву і стварылі шмат добрых момантаў. Пасля перапынку таксама кантралявалі гульню, але выдаленні ў канцоўцы не далі магчымасці нам выйграць у асноўны час. Добра, што перамаглі па булітах», — сказаў Брылін.
У гасцявым турнэ «Дынама» выйграла два матчы з трох. Мінчане вяртаюцца на радзіму, а праз некалькі дзён адправяцца на выезд па маршруце Астана — Магнітагорск — Уфа. Гульні пройдуць 22, 24 і 26 лістапада.



