ААТ «Камволь» абмяркоўвае з мангольскімі партнёрамі стварэнне праекта па рабоце з кашмірам
26 кастрычніка, Мінск . ААТ «Камволь» разглядае стварэнне сумеснага з мангольскімі партнёрамі праекта па рабоце з кашмірам. Аб гэтым ішла размова ў час сустрэчы генеральнага дырэктара прадпрыемства Таццяны Лугіной з дэлегацыяй прадстаўнікоў бізнесу Манголіі,
«Камволь» спецыялізуецца на вырабе пражы і мае сучаснае абсталяванне для перапрацоўкі сыравіны, таму прадпрыемства зацікаўлена ў стварэнні сумеснага беларуска-мангольскага праекта па перапрацоўцы сыравіны для кашміру, што абмяркоўвалася на сённяшняй сустрэчы. «Гэта будуць больш элітныя трыкатажныя вырабы ў рамках праграмы па імпартазамяшчэнні, і мне здаецца, што беларускага і расійскага спажыўца гэта зацікавіць», — падкрэсліла гендырэктар.
Таццяна Лугіна адзначыла, што сэнс такіх сустрэч — у магчымасці абмеркаваць супрацоўніцтва без пасрэднікаў і пазбегнуць скажэння інфармацыі, асабліва па цэнавым сегменце. «Мы пазнаёміліся з нарыхтоўшчыкамі-перапрацоўшчыкамі і іншымі прадстаўнікамі бізнесу Манголіі. Такое знаёмства для нас карысна, і гэта павінна выліцца ў канкрэтныя дзеянні, чаму пасадзейнічаюць падпісаныя мемарандумы аб супрацоўніцтве з Асацыяцыяй вытворцаў шэрсці і кашміру Манголіі і кампаніяй, якая перапрацоўвае і экспартуе кашмір. Мы чакаем узоры і гатовы закупіць 1 т кашміравага валакна, каб праверыць на сваім тэхналагічным абсталяванні выхад валакна ў пражу і тэхналагічныя асаблівасці гэтага тонкага матэрыялу. Мы хацелі б прымяніць яго праз свае тэхналогіі ў нейкія вырабы», — растлумачыла яна.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі Мангольскай гандлёва-прамысловай палаты, Асацыяцыі вытворцаў шэрсці і кашміру Манголіі, а таксама прадстаўнікі кампаній, якія ўдзельнічаюць ва ўсім ланцужку — ад збору кашміравай шэрсці да вытворчасці элітных трыкатажных і палітовых вырабаў. «Гандлёва-прамысловая палата — важнае звяно, якое можа звязваць беларускі бізнес, у прыватнасці «Камволь», з бізнесам Манголіі. А асацыяцыя можа пазнаёміць з вытворцамі і нарыхтоўшчыкамі шэрсці розных відаў», — дадала Таццяна Лугіна.
У час сустрэчы прадстаўнікі бізнесу Манголіі таксама азнаёміліся з шырокім асартыментам прадукцыі ААТ «Камволь» і працэсамі вытворчасці.
Фота Віталя Піваварчыка





