Грамадства

Памёр народны пісьменнік Беларусі Мікалай Чаргінец

Мікалай Чаргінец. Фота з архіва 7 ліпеня, Мінск . Сёння на 89-м годзе жыцця памёр народны пісьменнік Беларусі, ганаровы старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі, вядомы празаік і публіцыст Мікалай Чаргінец, паведамілі БЕЛТА ў Саюзе пісьменнікаў Беларусі.

«Сучасную беларускую літаратуру ў апошнія паўстагоддзя нельга ўявіць без Мікалая Чаргінца, — сказаў старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Аляксандр Карлюкевіч. — Яго раманы аб міліцыі, савецкіх воінах-афганцах, палітычныя і крымінальныя дэтэктывы — гэта кнігі літаратара, які пражыў шматграннае жыццё, увабраў у сябе ўсё, чым жыў, жыве народ Беларусі. З нядаўніх твораў — раман аб Вялікай Айчыннай вайне «Аперацыя «Кроў». Аб вайне, усе жахі якой будучы пісьменнік на свае вочы бачыў у акупіраваным фашыстамі Мінску. Да апошніх дзён жыцця Мікалай Іванавіч працаваў над цыклам мемуарных кніг, у якіх расказваў аб нашай краіне і сучасніках».

Мікалай Іванавіч нарадзіўся 17 кастрычніка 1937 г. у Мінску. Яго дзяцінства прыпала на ваенныя гады. Акупацыю сям’я Чаргінец перажыла ў Мінску, а бацька будучага пісьменніка ваяваў на фронце. У 1963 годзе скончыў Вышэйшую школу трэнераў. Пасля гэтага паступіў на журфак, бо марыў быць спартыўным журналістам. Скончыў два курсы і перавёўся на юрыдычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта па спецыяльнасці «правазнаўства», які скончыў у 1969 годзе.

Пасля вучобы пачаў служыць у органах унутраных спраў, дзе прайшоў шлях ад радавога супрацоўніка да начальніка ўпраўлення крымінальнага вышуку Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі. З 1984 па 1987 год удзельнічаў у вайне ў Афганістане. З 1987 па 1993 год займаў пасаду начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў на транспарце Міністэрства ўнутраных спраў. З 1993 па 1997 год быў старшынёй Камітэта па сацыяльнай абароне ваеннаслужачых, ветэранаў вайны і ўвекавечання памяці загінулых пры Савеце Міністраў.

З 1997 па 2008 год узначальваў Пастаянную камісію Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. З 1988 па 2008 год быў дэлегатам Беларусі ў ААН. Прымаў актыўны ўдзел у стварэнні і ўмацаванні Саюзнай дзяржавы, у распрацоўцы прававых актаў СНД, быў ініцыятарам і выканаўцам рашэння СНД аб уваходжанні ў Міжпарламенцкую асамблею АБСЕ і іншых ініцыятыў на міжнароднай арэне па лініі СНД.

Літаратурнай дзейнасцю Мікалай Іванавіч пачаў займацца ў 1970 годзе. Ён аўтар больш як 50 навуковых прац і звыш 40 мастацкіх твораў, ім напісаны некалькі сцэнарыяў да мастацкіх кінафільмаў. Яго кнігі перакладзены больш чым на 15 моў. Многія раманы ўнесены ў спіс лепшых твораў свету.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»