СК узбудзіў крымінальную справу па факце гібелі дваіх падлеткаў у ДТЗ у Астравецкім раёне
Фота УУС Гродзенскага аблвыканкама 28 чэрвеня, Мінск . Следчы камітэт узбудзіў крымінальную справу па факце гібелі дваіх непаўналетніх у Астравецкім раёне. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў СК.
Паводле папярэдніх даных, днём 28 чэрвеня 20-гадовы вадзіцель аўтамабіля Audi рухаўся па 27-м км аўтадарогі P52 Газа — Астравец — Ашмяны ў напрамку Астраўца. Хлопец вырашыў уступіць дарогу іншамарцы, якая рухалася за ім на апярэджанне. Для гэтага ён зрушыўся ўправа, аднак пры вяртанні ў ранейшае становішча не справіўся з кіраваннем, выехаў на паласу сустрэчнага руху і сутыкнуўся з аўтамабілем Chevrolet, якім кіраваў 43-гадовы мужчына.
У салоне Audi знаходзіліся чацвёра непаўналетніх пасажыраў. Двое з іх — 15 і 17 гадоў загінулі. Яшчэ пяць чалавек з абодвух аўтамабіляў атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці і былі шпіталізаваны.
Цяпер на месцы здарэння працуе следча-аператыўная група. Следчымі з прыцягненнем спецыялістаў УДКСЭ па Гродзенскай вобласці і супрацоўнікаў ДАІ праводзіцца агляд месца здарэння, дэталёва фіксуецца следавая карціна, апытваюцца сведкі, назначаны шэраг экспертных даследаванняў.
Астравецкім раённым аддзелам Следчага камітэта ўзбуджана крымінальная справа па ч.3 арт.317 (парушэнне правіл дарожнага руху асобай, кіруючай транспартным сродкам, што прывяло па неасцярожнасці да смерці дзвюх асоб) Крымінальнага кодэкса Беларусі.






