ДАІ ўзмоцніць кантроль бяспекі пасажырскіх і грузавых перавозак
Фота з архіва 16 лістапада, Мінск . Прафілактычныя мерапрыемствы па папярэджанні ДТЗ з удзелам транспарту, які ажыццяўляе перавозкі пасажыраў і грузаў, пройдуць у Беларусі з 16 па 27 лістапада. Паведамляе БЕЛТА, са спасылкай на ГУ ДАІ МУС.
Першы намеснік начальніка ГУ ДАІ МУС Андрэй Гаркуша паведаміў, што ў рамках узмоцненага варыянта нясення службы супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі засяродзяць увагу на выкананні вадзіцелямі ўстаноўленага рэжыму працы і адпачынку.
Сумесна з прадстаўнікамі Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый на аўтамабільных дарогах арганізуюць рэйды. Праваахоўнікі правераць выкананне парадку допуску да перавозак і тэхнічны стан транспартных сродкаў.
Пры выяўленні парушэнняў рэжыму працы і адпачынку, а таксама правіл эксплуатацыі транспарту да вадзіцеляў і кіраўнікоў транспартных арганізацый будуць прымяняць строгія меры рэагавання.
У Дзяржаўтаінспекцыі звяртаюць увагу, што стомленасць і ператамленне за рулём зніжаюць канцэнтрацыю ўвагі і істотна павышаюць рызыку ДТЗ з цяжкімі наступствамі. ДАІ заклікае ўдзельнікаў дарожнага руху выконваць дысцыпліну і ПДР.






