Чатыры пагадненні з кітайскімі арганізацыямі падпісаны ў час «Інвестыцыйных дзён Беларусі ў Шанхаі»
Фота НАІП 12 лістапада, Мінск . Дырэктар Нацыянальнага агенцтва інвестыцый і прыватызацыі Аляксей Пушкароў на палях «Інвестыцыйных дзён Беларусі ў Шанхаі» падпісаў пагадненні аб супрацоўніцтве з чатырма кітайскімі арганізацыямі: Урумчыйскай гандлёвай палатай па знешнім гандлі, кампаніяй «Сіньцзян Сінхаа Хунту» з гэтага ж рэгіёна, кампаніяй «Фансін Шыцзі Кэцзі Чанье», Германскай міжнароднай гандлёвай палатай прадпрымальнікаў у Кітаі. Аб гэтым паведамілі ў НАІП.
«Апошняя арганізацыя — гэта дзелавая асацыяцыя, якая створана для развіцця бізнес-супрацоўніцтва паміж Германіяй, Еўропай наогул і КНР, і аб’ядноўвае мноства пераважна кітайскіх бізнесменаў. Сутнасць усіх пагадненняў — у развіцці інвестыцыйнага супрацоўніцтва, пошуку інвестараў і праектаў для рэалізацыі ў нашай краіне ў цэлым, а ў прыватнасці ў сферах, звязаных з сельскай гаспадаркай, турызмам, медыцынай і медыцынскім абсталяваннем», — расказалі ў НАІП.
Форум «Інвестыцыйныя дні Беларусі ў Шанхаі» сабраў больш за 50 прадстаўнікоў кітайскіх кампаній. З прывітальным словам да іх звярнуўся генеральны консул Беларусі ў Шанхаі Аляксандр Шаўчэнка. А аб’яднаная каманда НАІП, індустрыяльнага парка «Вялікі камень», магілёўскага тэхнапарка і юрыдычных кансультантаў прадставіла агляд інвестыцыйнага ландшафту, спецыяльных магчымасцей для інвестара і актуальных інвестыцыйных прапаноў у Беларусі.
«Адметная асаблівасць фармату «Інвестыцыйных дзён» — гэта падрыхтаваная аўдыторыя: кампаніі са свабодным інвестыцыйным рэсурсам, зацікаўленыя ў рабоце ў рэгіёне СНД і канкрэтна ў Беларусі. Неад’емная частка мерапрыемства — B2B-перагаворы адразу пасля сесіі прэзентацый. Адбыліся яны і на гэты раз», — адзначылі ў НАІП.





