Культура

«Лістапад» прызначаны з’яднаць прафесіяналаў і аматараў кіно — кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва

Фота з архіва 6 лістапада, Мінск . «Лістапад» прызначаны з’яднаць, аб’яднаць і здружыць прафесіяналаў і аматараў кіно. Такой думкай з карэспандэнтам БЕЛТА падзяліўся кіраўнік прадстаўніцтва Рассупрацоўніцтва ў Беларусі Юрый Макушын у час тэматычнага мерапрыемства XXXII Мінскага міжнароднага кінафестывалю «Лістапад».

Галоўная місія «Лістапада» заключаецца ў тым, каб найлепшым чынам прадставіць гледачам магчымасці кінематографа, упэўнены Юрый Макушын. Акрамя камерцыйнай і забаўляльнай функцый, кіно выконвае таксама выхаваўчую, ідэалагічную, адукацыйную і асветную задачы. Яно таксама аказвае дастаткова моцнае ўздзеянне на свядомасць чалавека.

«Калі кіно таленавіта знята — няхай гэта кароткі або поўнаметражны фільм, анімацыйная карціна — гледача можна ўзрушыць у любым фармаце. Таму гэта моцны інструмент уздзеяння, а «Лістапад» прызначаны раскрыць усе яго магчымасці менавіта з добрымі мэтамі», — падкрэсліў кіраўнік прадстаўніцтва.

На фестывалі дэманструюцца карціны, прысвечаныя традыцыйным духоўна-маральным і сямейным каштоўнасцям. На думку Юрыя Макушына, добрае кіно дапамагае гледачу стаць лепш: вучыць дабру і ўзаемадапамозе, не замыкацца ў сабе і не быць эгаістам, а дапамагаць іншым і ў тым ліку жыць для іншых. Яно заахвочвае чалавека расці над сабой, дабівацца пастаўленых мэт і духоўна ўзбагачацца.

«Цырымонія адкрыцця кінафестывалю «Лістапад» была добра пастаўлена і прайшла цікава. І, вядома, вельмі моцны фільм «Бацька Мінай. Партызанская легенда» — пранізлівая, эмацыянальная, трагічная і цяжкая карціна, якая пры гэтым утрымлівае ўвагу гледача да самага канца і прымушае суперажываць героям. Гэта прыклад вельмі паспяховага расійска-беларускага супрацоўніцтва: над фільмам працавалі расійская студыя «ВаенФільм» і нацыянальная кінастудыя «Беларусьфільм», — лічыць Юрый Макушын.

XXXII Мінскі міжнародны кінафестываль «Лістапад» праходзіць у Беларусі з 30 кастрычніка па 6 лістапада пад лозунгам «Глядзі. Жыві. Шануй». Для ўдзелу ў фестывалі было пададзена больш за 3,3 тыс. заявак са 108 краін, адабрана 130 фільмаў з 55 краін. На «Лістападзе» традыцыйна прадстаўлены фільмы з Расіі, Кітая, Індыі, Ірана, Пакістана, В’етнама. Таксама будуць работы з Камбоджы, Марока, Венесуэлы, Танзаніі, Калумбіі, ЗША і іншых краін.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»