Цяпло затрымаецца: сіноптыкі прагназуюць бархатны канец кастрычніка
Фота з архіва 26 кастрычніка, Мінск . Кастрычнік, радуючы беларусаў не па сезоне цёплым надвор’ем з перавышэннем кліматычных паказчыкаў на 1-8 градусаў, па-ранейшаму прадоўжыць падтрымліваць гэты тэмпературны трэнд і перадасць яго лістападу. Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя.
«Праўда, у выніку змяншэння працягласці светлавога часу сутак (на 4 мінуты з кожным новым днём) тэмпература паветра стане крыху паніжацца. Таму дадатная тэмпературная анамалія будзе паступова скарачацца, але тым не менш захаваецца на высокім узроўні і складзе 1-3 градусы. Пры гэтым маларухомы атмасферны фронт, што затрымаўся апошнія трое сутак над цэнтральнымі рэгіёнамі краіны і абумовіў дажджы, сумарная колькасць якіх месцамі перавысіла 20 мм (больш за 30% месячнай нормы), на працягу бліжэйшых 24 гадзін «размыецца» на фоне вобласці павышанага атмасфернага ціску. Таму дзякуючы ўсё таму ж шырокаму блакіруючаму антыцыклону Gerhard будзе пераважна сухое надвор’е. Аднак у сфарміраванай сінаптычнай сітуацыі (ціхая і вільготная атмасфера) у начныя і ранішнія гадзіны ўзрасце рызыка ўтварэння туманаў. У сувязі з пагаршэннем бачнасці вадзіцелям трэба быць вельмі ўважлівымі на дарогах, захоўваць дыстанцыю і скорасны рэжым. Так, на тыдні пад пераважным уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску ападкаў чакаецца няшмат, толькі ў асобных раёнах краіны, дзе будзе адчувацца ўплыў франтальных раздзелаў і няўстойлівых паветраных мас, пройдуць дажджы (ад невялікіх да ўмераных). Разам з тым у выніку адвекцыі ўмерана цёплых паветраных мас начныя мінімумы будуць вагацца ад плюс 1 да плюс 9 градусаў, пры праясненнях паветра ахалодзіцца да мінус 1 градуса, а дзённыя максімумы будуць у межах 5-14 градусаў. У начны і ранішні час у вільготным паветры ў асобных раёнах краіны будуць згушчацца туманы, у найбольш халодныя ночы не выключаны слабы галалёд. У сувязі з чаканай неспрыяльнай гідраметэаралагічнай з’явай (туман) на ноч і першую палавіну дня 27 кастрычніка (аўторак) па захадзе краіны аб’яўлены аранжавы ўзровень небяспекі», — расказалі сіноптыкі.
У аўторак, 27 кастрычніка, ноччу ў цэнтральных раёнах пройдуць невялікія дажджы, днём будзе пераважна без ападкаў. Ноччу і ў першую палавіну дня месцамі, а па захадзе на большай частцы тэрыторыі магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 3-9 градусаў цяпла, па захадзе — ад мінус 1 да плюс 2 градусаў. Днём будзе 8-14 градусаў вышэй за нуль.
У сераду, 28 кастрычніка, будзе пераважна без ападкаў, толькі днём месцамі па паўднёвым усходзе краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад 0 да плюс 7 градусаў. Днём будзе 7-13 градусаў цяпла.
У чацвер, 29 кастрычніка, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 1-7 градусаў цяпла, днём — плюс 7-13 градусаў.
У пятніцу, 30 кастрычніка, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе 1-7 градусаў вышэй за нуль, днём — плюс 7-13 градусаў.
У суботу, 31 кастрычніка, месцамі па краіне пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай у асобных раёнах магчымы туман. Тэмпература паветра ноччу складзе ад нуля да плюс 7 градусаў, днём — 6-12 градусаў цяпла.
У нядзелю, 1 лістапада, у асобных раёнах краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. Ноччу і раніцай месцамі магчымы слабыя туман і галалёд. Тэмпература паветра ноччу складзе ад мінус 1 да плюс 4 градусаў, месцамі — да плюс 6 градусаў. Днём будзе 5-11 градусаў цяпла.
Больш актуальнай і цікавай інфармацыі аб надвор’і глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на videobel.by





