«Без творчасці не змагу дыхаць». Як беларуска чатыры разы станавілася чэмпіёнкай свету па спартыўных танцах на інвалідных калясках
Ганна Гарчакова Спартыўным танцам на інвалідных калясках Ганна Гарчакова прысвяціла амаль 30 гадоў. Ёй апладзіравалі гледачы на чэмпіянатах свету, у тым ліку ў Парыжы, Рыме, Мінску і бельгійскім Мале, адкуль наша гераіня прывезла залатыя медалі.
Добрая і спагадлівая беларуска вызначаецца валявым характарам, вялікай мэтанакіраванасцю і працавітасцю. Сёння Ганна кіруе інклюзіўнай школай танца «Дар» Беларускага таварыства інвалідаў у Мінску. Яна стварыла яе, каб дапамагаць людзям з асаблівасцямі праходзіць фізічную і сацыяльна-псіхалагічную рэабілітацыю праз танец. Разам яны асвойваюць танцавальнае мастацтва, вучацца верыць у сябе і ставяць новыя мэты.
Ганна нарадзілася з прыроджаным захворваннем пазваночніка. Дзяцінства правяла ў Барысаве, дзе навучалася дома, але ў 12 гадоў вырашыла перавесціся ў спецыялізаваную школу-інтэрнат. Яна адзначае, што ў савецкі час людзі з інваліднасцю практычна не выходзілі на вуліцу.
«Такія, як я, сядзелі дома. Іх жыццё часта абмяжоўвалася сценамі ўласнай кватэры. Але ў мяне з самага дзяцінства з’явілася ў сэрцы цвёрдае жаданне жыць як усе. Мне хацелася дабівацца таго ж, што робяць людзі, у якіх няма праблем са здароўем», — гаворыць яна.
Аднойчы гэта жаданне стала асабліва моцным. Прычынай паслужылі жорсткія словы дарослага чалавека, які неяк ненаўмысна сказаў: «Ты нічога ў жыцці не зможаш рабіць, толькі мыць посуд і бялізну!» Ганна запомніла гэту фразу і вырашыла даказаць адваротнае. Пасля школы паступіла на дзённае аддзяленне факультэта прыкладной псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка. Студэнцкія гады далі Ганне не толькі прафесійныя веды. Менавіта тады яна па-сапраўднаму ўсвядоміла ўласную каштоўнасць і перастала ўспрымаць сябе праз прызму фізічных абмежаванняў.
На практыцы ў Беларускім фондзе дапамогі спартсменам-інвалідам яна не толькі атрымала каштоўны вопыт у псіхалогіі, але і адкрыла для сябе спартыўныя танцы на інвалідных калясках, і яны паступова ператварыліся з захаплення ў справу, якой яна захацела прысвяціць жыццё.
«Я поўнасцю прысвяціла сябе спартыўным танцам — з галавой, як калісьці ў падручнікі па псіхалогіі. Мяне захапілі музыка, творчасць, магчымасць удасканальвацца ў новым напрамку. Спачатку танцы былі маім хобі, але з часам я ўбачыла ў іх важны інструмент дапамогі дзецям з інваліднасцю, якія аказаліся ў такой жа жыццёвай сітуацыі», — расказавае Ганна.
Потым у жыццё прыйшлі чэмпіянаты па спартыўных танцах на інвалідных калясках. На першым сусветным першынстве, якое праходзіла ў Мінску, Ганна паднялася на вышэйшую прыступку п’едэстала. Але справа была не толькі ў медалях.
«Навучаючыся спартыўным танцам, зразумела, што без творчасці ўжо не змагу нармальна дыхаць. Я знайшла для сябе ідэальнае спалучэнне музыкі, руху і артыстызму. Калі б на першым курсе мне сказалі, што буду займацца танцамі, я б не паверыла. І тым больш не паверыла б, што аднойчы падымуся на вышэйшую прыступку п’едэстала чэмпіянату свету», — адзначае яна.
За гады заняткаў спартыўнымі танцамі Ганна Гарчакова пабывала ў дзясятках краін Еўропы, Паўночнай Амерыкі і Азіі. Набыты міжнародны вопыт вырашыла перадаваць іншым. Ёй захацелася навучаць людзей з інваліднасцю, дапамагаючы ім раскрываць здольнасці, больш упэўнена адчуваць сябе ў грамадстве і знаходзіць новыя жыццёвыя арыенціры. Сёння яна кіруе інклюзіўнай школай танца «Дар» Беларускага таварыства інвалідаў. Заняткі наведваюць 15 чалавек з рознымі парушэннямі апорна-рухальнага апарату. Узроставых абмежаванняў няма.
Ганна Гарчакова — гераіня нашага праекта «Беларусы ў кадры». Даведаліся ў яе, як танцы мяняюць жыццё і чым дапамагаюць дзецям з інваліднасцю.
*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.
Фота гераіні матэрыяла






