«Далучаць людзей да земляробства». Як мінчанін пераехаў у вёску і стварыў блог з мільённымі праглядамі
Як распланаваць участак і падрыхтавацца да зімоўкі, якія саджанцы выбраць для саду і ад чаго на самай справе залежыць ураджайнасць — адказы на гэтыя і многія іншыя пытанні ведае блогер Дзмітрый Кастрыцкі. Яго ўжо даўно празвалі «народным садоўнікам», на ютуб-канал Дзмітрыя падпісана больш за 187 тыс. карыстальнікаў. Прычым усю інфармацыю наш герой чэрпае з асабістага вопыту вырошчвання розных ягадных, пладовых і агароднінных культур. Падрабязнасці — у матэрыяле.
З самага дзяцінства Дзмітрый, хоць і жыў у Мінску, але быў звязаны з вясковым побытам. На выхадныя і канікулы бацькі прывозілі яго да дзядулі і бабулі ў вёску Кавальцы, што ў Дзяржынскім раёне. З настальгіяй расказвае субяседнік, як дапамагаў збіраць ураджай з агарода, нарыхтоўваць сена, хадзіў у лес па грыбы і ягады — адным словам, прывычная сельская праца ў яго жыцці была з ранняга дзяцінства.
Пасля школы наш герой паступіў ва ўніверсітэт на юрыдычны факультэт, паспяхова скончыў яго і нават некаторы час папрацаваў па спецыяльнасці. Праўда, хутка зразумеў, што гэта сфера не для яго.
— Усё было як у дзяцінстве: кожную свабодную хвіліну, выхадныя і адпачынак я стараўся праводзіць у вёсцы. Мяне цягнула праца на зямлі. Некалькі гадоў таму я канчаткова вырашыў: хопіць з мяне горада, час вяртацца на сваю малую радзіму, у дзедаву хату і жыць так, як хочацца, — усміхаецца ён. — З часам я купіў суседні домік з участкам, затым узяў яшчэ зямлі і стаў акультурваць тэрыторыю, прыводзіць усё ў парадак, каб разбіць добры сад і вялікі агарод для вырошчвання розных культур. Усім гэтым з задавальненнем прадаўжаю займацца дагэтуль.
Маліна, буякі, клубніцы, яблыні, слівы, грушы і вішні, а яшчэ таматы, агуркі, перцы і нават артышок — чаго толькі не сустрэнеш на ўчастку ў Дзмітрыя Кастрыцкага. І ва ўсім ён ведае толк: як правільна зрабіць падвязку кустоў, чым лепш угнаіць расліну, чаму адны культуры любяць сонца, а другія аддаюць перавагу ценю… Уласна на ўсе гэтыя і многія іншыя тэмы наш героі здымае пазнавальныя відэа для свайго ютуб-канала «Дзмітрыеў сад».
— За першыя два тыдні на канал падпісаліся 20 тыс. карыстальнікаў, а праз год іх ужо было 100 тыс., — прыводзіць лічбы субяседнік і ўдакладняе, што на самай справе для яго галоўнае не колькасць падпісчыкаў, а карысны кантэнт, якім ён дзеліцца. — Важна, каб людзі атрымлівалі неабходную інфармацыю, далучаліся да земляробства. Каб на агародах у вёсках працавала не толькі старэйшае пакаленне, але і моладзь імкнулася жыць у вёсцы, дзе часта створаны камфортныя ўмовы. Бо калі не будзе людзей у вёсцы, хто будзе карміць насельніцтва ў гарадах? Мне многія сябры кажуць, маўляў, навошта ты садзіш градкі, сёння ж усё ёсць у продажы? Без працы вяскоўцаў апусцеюць і магазіны.
Дзмітрый Кастрыцкі — герой нашага праекта «Беларусы ў кадры». Даведаліся, чаму яго называюць «народным садоўнікам» і пагаварылі аб стварэнні сельскага блога са шматтысячнай камандай падпісчыкаў.
* Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту
https://specreport.belta.by/vkadre_kastritsky
Фота Раміля Насібуліна






