Рыжанкоў абмеркаваў з членамі ўрада Туркменістана шляхі актывізацыі гандлю і супрацоўніцтва ў лагістыцы
Фота з архіва 8 кастрычніка, Мінск . Міністр замежных спраў Беларусі Максім Рыжанкоў у ходзе візіту ў Туркменістан сустрэўся з членамі ўрада гэтай краіны, якія адказваюць за развіццё гандлю, транспарту і рэальнага сектара эканомікі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе МЗС Беларусі.
Падрабязнасцямі адбыўшыхся сустрэч з журналістамі ў Туркменістане таксама падзяліўся і сам кіраўнік беларускага знешнепалітычнага ведамства. «Мы вельмі задаволены зместам нашых размоў. Абмеркавалі ўвесь комплекс гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі, намецілі шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне ўзаемадзеяння паміж прамыслоўцамі, прадпрымальнікамі», — сказаў ён.
Ключавой тэмай перагавораў кіраўніка беларускага знешнепалітычнага ведамства з намеснікам старшыні Кабінета Міністраў, кіраўніком Саюза прамыслоўцаў і прадпрымальнікаў Туркменістана Накергулы Атагулыевым сталі перспектывы актывізацыі двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва, у тым ліку з прыцягненнем патэнцыялу бізнес-супольнасцей дзвюх краін.
Субяседнікі дасягнулі дамоўленасці аб правядзенні ў бліжэйшы час двухбаковага бізнес-форуму, а таксама шэрага іншых мерапрыемстваў, накіраваных на пашырэнне кантактаў і ўзаемадзеяння паміж прадпрымальнікамі і прамыслоўцамі дзвюх краін. Размова таксама ідзе не толькі аб гандлі таварамі, але і аб магчымасці сумеснай работы ў напрамку імпартазамяшчэння. «Гэта і пытанні сельскай гаспадаркі, харчавання, тэкстыльнай прамысловасці, механізацыі прамысловасці і сельскай гаспадаркі», — адзначыў міністр.
Бакі адзначылі неабходнасць актывізацыі супрацоўніцтва па лініі гандлёва-прамысловых палат, у прыватнасці іх рэгіянальных аддзяленняў.
Падкрэслена важнасць фарміравання спрыяльных умоў для інвестыцый і рэалізацыі сумесных праектаў у розных сферах эканомікі, уключаючы лёгкую і харчовую прамысловасць.
На сустрэчы Максіма Рыжанкова з намеснікам старшыні Кабінета міністраў Туркменістана Батырам Анаевым былі абмеркаваны пытанні работы міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве ў якасці эфектыўнага інструмента для далейшага развіцця эканамічнага партнёрства.
Субяседнікі дамовіліся правесці ў бліжэйшай перспектыве сустрэчу сустаршынь міжурадавай камісіі, якімі з’яўляюцца віцэ-прэм’еры Беларусі і Туркменістана.
Бакі ўдзялілі асаблівую ўвагу ўзаемадзеянню ў лагістычнай сферы: у гэтым кантэксце абмеркавана магчымасць выкарыстання беларускім бокам транспартна-лагістычных калідораў Поўнач — Поўдзень і Захад — Усход, якія праходзяць праз тэрыторыю Туркменістана, а таксама партовай інфраструктуры для выбудоўвання ў Каспійскім рэгіёне ланцужкоў дастаўкі айчынных тавараў.
Максім Рыжанкоў падкрэсліў, што сфера транспарту і лагістыкі з’яўляецца адной з самых важных у развіцці супрацоўніцтва, таму што для Беларусі пошук новых рынкаў збыту і выбудоўванне ланцужкоў пастаўкі тавараў або аказання паслуг з’яўляецца прыярытэтным напрамкам. «У сувязі з гэтым выкарыстанне элементаў транспартна-лагістычных калідораў, якія праходзяць праз Туркменістан і актыўна развіваюцца, — пытанне вельмі прыярытэтнае. Мы хацелі б больш удзельнічаць у выкарыстанні гэтай інфраструктуры для нашых кантактаў з партнёрамі ў Іране, Афганістане і далей па ўсёй Азіі, — заявіў міністр. — Разглядаем для сябе не толькі выкарыстанне інфраструктуры, але і ўдзел у яе ўдасканаленні і стварэнні для сябе, можа быць, нейкіх лагістычных хабаў».
Паводле слоў кіраўніка МЗС, пры гэтай сумеснай рабоце магла б прыўносіцца і доля дабаўленай вартасці з боку партнёраў з Туркменістана, каб далей ужо гандляваць прадукцыяй на рынках краін рэгіёна, з якімі ў Туркменістана склаліся шматгадовыя цесныя гандлёва-эканамічныя адносіны.
Са свайго боку Беларусь гатова больш актыўна закупляць тавары, якія вырабляюцца ў Туркменістане, уключаючы прадукцыю тэкстыльнай прамысловасці, фрукты і агародніну, каб таксама акзаваць садзейнічанне іх рэалізацыі ўжо ў сваім рэгіёне.
Максім Рыжанкоў і Батыр Анаеў закранулі тэму аднаўлення авіязносін паміж сталіцамі дзвюх дзяржаў, што асабліва актуальна ва ўмовах інтэнсіфікацыі бізнес-кантактаў і павелічэння колькасці туркменскіх студэнтаў, якія вучацца ў беларускіх ВНУ.
Туркменскі бок у сваю чаргу выказаў зацікаўленасць у далейшым развіцці супрацоўніцтва ў галіне адукацыі і падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў па запатрабаваных у краіне спецыяльнасцях.
Як паведамлялася , напярэдадні Максім Рыжанкоў таксама правёў сустрэчу з намеснікам старшыні Кабінета міністраў, міністрам замежных спраў Туркменістана Рашыдам Мярэдавым. Бакі абмеркавалі ўвесь комплекс палітычных і дыпламатычных адносін, зверылі пазіцыі краін па міжнародным парадку дня і дамовіліся аб узмацненні ўзаемадзеяння на міжнароднай арэне, падпісалі праграму супрацоўніцтва паміж знешнепалітычнымі ведамствамі дзвюх краін на 2027-2028 гады.





