Мультыбрэндавы цэнтр беларускай тэхнікі адкрылі ў Магадане
Фота пасольства Беларусі ў Расіі 6 кастрычніка, Мінск . Урачыстая цырымонія адкрыцця мультыбрэндавага цэнтра беларускай тэхнікі на базе ТАА «Сэрвіс кар’ерных машын» («СКМ») прайшла ў Магадане. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе пасольства Беларусі ў РФ.
«СКМ» з 2014 года з’яўляецца суб’ектам тавараправоднай сеткі «БЕЛАЗ», а таксама выступае атэставаным сэрвісным цэнтрам МаАЗ, МАЗ, «АМКАДОР», МТЗ. Новы цэнтр дэманстрацыі, продажу і абслугоўвання тэхнікі беларускай вытворчасці забяспечаны ўсімі неабходнымі інструментамі і абсталяваннем для выканання сэрвісных работ і функцыянавання выязных брыгад.
«У нас самыя абнадзейлівыя планы на развіццё супрацоўніцтва з Магаданскай вобласцю. На тэрыторыі рэгіёна працуе розная беларуская тэхніка, і, зразумела, што ўмовы яе эксплуатацыі не самыя простыя, улічваючы кліматычныя асаблівасці краю. Але я думаю, што з адкрыццём гэтага цэнтра якасць абслугоўвання нашых машын будзе на найвышэйшым узроўні, і з’яўленне новага прадпрыемства дасць дадатковыя стымулы для таго, каб беларускай тэхнікі тут стала больш», — падкрэсліў у час цырымоніі адкрыцця пасол Беларусі ў Расіі Юрый Селіверстаў.
Удзельнікі цырымоніі ў час агляду з кіраўніцтвам кампаніі і рэгіёна гандлёва-сэрвісных пляцовак прадметна абмеркавалі стратэгію развіцця мультыбрэндавых цэнтраў беларускай тэхнікі ў Расіі, перспектывы нарошчвання паставак прадукцыі з Беларусі для патрэб здабыўной галіны рэгіёна, пытанні лагістыкі і ўзаемадзеяння з галаўнымі прадпрыемствамі і шэраг іншых пытанняў.
Фота пасольства Беларусі ў Расіі






