Культура

Іх выбралі пляменніца Гагарына і Алег Навіцкі. Малюнкі юных беларусаў увайшлі ў кнігу пра космас

Нядаўна выбраны пераможцы міжнароднага конкурсу малюнка «Космас аб’ядноўвае», прысвечанага 65-годдзю з дня палёту Юрыя Гагарына ў космас. Сярод прызёраў — таленавітыя беларускія аўтары. Іх работы ацанілі не толькі вядомыя мастакі, але і пляменніца Юрыя Аляксеевіча Наталля Гагарына і касманаўт Алег Навіцкі, які бачыў Сусвет у ілюмінатары. Карэспандэнт БЕЛТА паразмаўляла з маладымі творцамі і даведалася аб крыніцах натхнення.

Работа ўладальніка гран-пры Аляксея Варапаева стала «тварам» кнігі пра космас «Взгляд, объединивший мир». У выданні з абмежаваным тыражом сабралі ўсе лепшыя работы ўдзельнікаў, у ім расказваецца пра ўклад беларусаў у вывучэнне космасу. Дарэчы, заяўка хлопца стала лепшай з 2 тыс. малюнкаў з усёй Беларусі. Цяпер Аляксей — навучэнец Бабруйскага дзяржаўнага індустрыяльна-будаўнічага каледжа. Першапачаткова паўдзельнічаць яму прапанаваў выкладчык.
«Калі мне сказалі, што галоўная тэма конкурсу — космас, я адразу ўспомніў першага чалавека ў свеце, які там пабываў. Каб стаць касманаўтам, трэба вельмі добрае здароўе і неймаверна шмат намаганняў. Я бачу Юрыя Аляксеевіча мужным, стойкім і з вялікай сілай волі — усё гэта і пастараўся перадаць у сваёй рабоце. Сам малюнак заняў тыдня два, майстар дапамагаў мне правільна выбраць колеры. Усяму навучыўся ў свой час у мастацкай школе», — расказаў Аляксей.

Ва ўяўленні хлопца космас — складаны асобны свет. Ён бачыць загадкавую прастору як нешта жахлівае, чароўнае і цікавае. «Космас вельмі натхняў мяне, калі я быў дзіцем. Часта лажыўся на зямлю, глядзеў на зоркі і думаў, што там знаходзіцца. Вывучаў планеты, нават ёсць самая любімая — пульсар Ліч. Бачыў шмат выяў, кожная выклікае ў мяне страх і захапленне», — дадаў прызёр.
Кніга з малюнкам пераможцы на вокладцы выклікала ў аўтара буру эмоцый. «Ніколі не падумаў бы, што ён будзе лепшым з лепшых. Бачыў іншыя работы, усе яны добрыя па-свойму. Калі было б можна, я асабіста ўзнагародзіў бы кожнага за іх здольнасці. Упэўнены: галоўнае — не перамога, а ўдзел, задавальненне ад працэсу, якое я таксама атрымаў», — лічыць ён. А ўражанні ад сустрэчы з пляменніцай Юрыя Аляксеевіча апісаў коратка: «Нібыта побач з самім Гагарыным пастаяў».

Юная мастачка Соф’я Енушкевіч заняла першае месца. Яна расказала, што тэма яе адразу зачапіла. Дзяўчына зразумела, што гэта выдатны шанц падзяліцца сваім бачаннем свету праз прызму мастацтва. Сама яна малюе з ранніх гадоў: хадзіла ў студыю, а потым шмат гадоў практыкавалася сама. «Доўга не адважвалася пайсці вучыцца прафесійна — па парадзе знаёмых хацела паступіць у мастацкую школу, але вельмі сумнявалася ў сваіх сілах і баялася, што мае работы палічаць неперспектыўнымі. На шчасце, я перамагла гэты страх. У час вучобы я ўжо ўдзельнічала ў міжнародным конкурсе і займала прызавое месца, што надало мне ўпэўненасці», — адзначыла яна.
Сама работа заняла вельмі шмат часу. «Хацелася праверыць свае сілы і стварыць нешта па-сапраўднаму значнае. Працэс быў вельмі карпатлівым і заняў 38 гадзін. Рабіла ўсё сама — ад эскіза да фінальных штрыхоў. Мне хацелася давесці кожную дэталь да дасканаласці, каб максімальна дакладна перадаць галоўную задуму — нетрываласць нашага свету ў бязмежным Сусвеце», — дадала мастачка. На стварэнне карціны Соф’ю натхніла думка аб тым, што з космасу Зямля выглядае адзінай, а ў краін няма межаў. «Перад веліччу Сусвету мы ўсе — адна вялікая сям’я, і ​​космас — прастора, якая аб’ядноўвае намаганні вучоных дзеля нашай агульнай будучыні. На фоне халоднага і небяспечнага касмічнага вакууму наша планета і самі сімвалы жыцця (вада, малады парастак) выглядаюць асабліва нетрывалымі. Толькі аб’яднаўшы намаганні ў атмасферы дружбы і згоды, ма зможам зберагчы наш агульны дом і зрабіць упэўненыя крокі да зорак», — пераканана аўтар.

Дзяўчына не толькі атрымала прыемныя і карысныя падарункі, але і пабывала ў аэраклубе. «Вялікі дзякуй арганізатару конкурсу — Беларускаму фонду міру — за гэту цудоўную магчымасць і веру ў маю творчасць», — падзякавала яна.

БЕЛТА.
Фота з асабістага архіва герояў, грамадскага аб’яднання «Беларускі фонд міру»

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»