Дарожныя карты, новыя праекты. Беларусь і Кітай умацоўваюць навукова-тэхнічнае і прамысловае супрацоўніцтва
10 верасня, Мінск . Беларусь і Кітай умацоўваюць партнёрства. Аб гэтым ішла размова ў час Беларуска-кітайскага форуму «Прамысловасць аб’ядноўвае Еўразію», які прайшоў на палях 5-й выстаўкі кітайскіх тавараў і паслуг,
Намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксей Труханаў адзначыў, што Беларусь і Кітай па праву ўваходзяць у групу краін, якія задаюць правілы гульні па прынцыпе «выйгрыш — выйгрыш» як альтэрнатыва палітыцы недружалюбных краін. «У сувязі з гэтым вызначальную ролю павінны адыграць Гады прамысловай кааперацыі. Яны па праву стануць пераемнікамі Гадоў супрацоўніцтва нашых краін у галіне навукі, тэхналогій і інавацый», — падкрэсліў ён.
Аляксей Труханаў дадаў, што неабходна адказаць на выклікі і пагрозы сучаснасці, прапанаваўшы сусветнай супольнасці інструментарый супрацоўніцтва. Патрэбны сцэнарыі развіцця і дарожныя карты, якія вызначаць правільны курс ва ўмовах канкурэнцыі і дазволяць аб’яднаць кампетэнцыі. «Гэта магутны індустрыяльны патэнцыял Кітая і фундаментальныя напрацоўкі беларускай навукі, памножаныя на перавагі стратэгічнай кааперацыі і дакладнае геапалітычнае пазіцыянаванне для стварэння вытворчасцей, прадукцыі, паслуг», — растлумачыў ён.
Супрацоўніцтва ў сферы даследаванняў і распрацовак было і застаецца адным з прыярытэтаў беларуска-кітайскіх адносін. Навуковая супольнасць Кітая разглядаецца беларускім бокам у якасці стратэгічнага навуковага партнёра. «Нацыянальная акадэмія навук Беларусі як на ўзроўні краіны, так і на ўзроўні правінцый актыўна працуе над стварэннем умоў для развіцця навуковых школ і правядзення перадавых даследаванняў у розных галінах: ад фізікі і матэматыкі да біялагічных, аграрных навук, а таксама медыцыны», — сказаў Аляксей Труханаў.
Паводле слоў намесніка старшыні, сёння перад краінамі стаіць задача новага ўзроўню — забеспячэнне пераходу да архітэктуры будучыні, якая павінна стаць вядучым драйверам эканамічнага росту на базе моцных бакоў, найлепшых практык і кампетэнцый.

Аляксей Труханаў зрабіў акцэнт на супрацоўніцтве з карпарацыяй SINOMACH. Узаемадзеянне з кампаніямі адкрывае новыя перспектывы для сумесных даследаванняў у сферы ШІ, кібербяспекі і лічбавай трансфармацыі прамысловасці. Бакі абмяркоўваюць крокі па стварэнні сумеснай лабараторыі і рэалізацыі праектаў па ініцыятыве «Адзін пояс, адзін шлях».
Кіраўнік аддзела па гандлёва-эканамічных пытаннях пасольства Кітая ў Беларусі Цзян Сяалінь сказаў, што апошнія гады пад стратэгічным кіраваннем кіраўнікоў дзвюх краін паміж Кітаем і Беларуссю ўстаноўлена ўсепагоднае і ўсебаковае партнёрства. Паводле яго слоў, маштабы ўзаемадзеяння няўхільна пашыраюцца, а гандлёвыя каналы становяцца ўсё больш важнымі.
Як адзначыў прадстаўнік пасольства, у сферы традыцыйнага буйнога аптовага гандлю кітайскія прадпрыемствы сфарміравалі ўстойлівы плацежаздольны попыт, што заклала надзейны фундамент для базавага аб’ёму двухбаковага гандлю. «У апошнія гады па меры паскарэння працэсу выхаду на замежныя рынкі кітайскіх ланцужкоў паставак узаемадзеянне паміж нашымі краінамі набывае больш маштабны характар. Беларусь мае трывалую прамысловую базу і з’яўляецца ключавым транзітным звяном на шляху грузавых паяздоў Кітай — Еўропа», — сказаў ён.
Цзян Сяалінь дадаў: кітайскія інвестыцыі ў Беларусь садзейнічаюць павышэнню вытворчага патэнцыялу беларускага боку, а беларускі экспарт у Кітай у сваю чаргу забяспечвае патрэбнасці кітайскага ланцужка паставак.
Генеральны дырэктар Кітайскай нацыянальнай машынабудаўнічай карпарацыі па міжнародным супрацоўніцтве (SINOMACHINT) Сунь Жуньхай падкрэсліла: «Прамысловасць — фундамент кітайска-беларускага ўзаемадзеяння, а ўмацаванне вытворчых сувязей — мост, які звязвае будучае дзвюх краін. Сёння мы робім практычныя крокі па ўзвядзенні надзейнага моста для кааперацыі па лініі навука — вытворчасць — даследаванні.
Кампанія SINOMACHINT выступае арганізатарам выставак кітайскіх тавараў і паслуг. «Праз прафесійныя выставачныя паслугі мы садзейнічаем індустрыялізацыі, рэалізацыі ініцыятывы «Адзін пояс, адзін шлях», з’яўляемся актыўным драйверам знешнеэканамічнага супрацоўніцтва», — адзначыла Сунь Жуньхай.
Таксама гендырэктар дадала, што кампанія інтэгруецца ў рэгіянальнае супрацоўніцтва дзвюх краін, асабліва ў фарміраванне прамысловай экасістэмы індустрыяльнага парка «Вялікі камень». «Фарміруючы матрыцу спецыялізаваных выставак высокага ўзроўню, мы робім упор на сферы інтэлектуальнай вытворчасці. Такі падыход забяспечвае трывалую апору для павышэння канкурэнтаздольнасці прадукцыі дзвюх краін і фарміруе новую экасістэму ўзаемавыгаднага прамысловага росту», — сказала яна.
У час форуму таксама прайшла цырымонія падпісання пагаднення аб стратэгічным супрацоўніцтве паміж кітайскай тэхналагічнай кампаніяй Topsound і беларускай кампаніяй SinRubEnergo, якая займаецца комплекснай аўтаматызацыяй тэхналагічных і бізнес-працэсаў, сістэмным інжынірынгам поўнага цыкла ў сферы энергетыкі, прамысловасці і жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Акрамя таго, прайшла цырымонія адкрыцця сумеснай кітайска-беларускай лабараторыі сонечнай энергетыкі і сістэм накаплення і зараду.
Беларуска-кітайскі форум гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва «Прамысловасць аб’ядноўвае Еўразію» сабраў прадстаўнікоў урадавых органаў, навукова-даследчых устаноў і дзелавых колаў Кітая і Беларусі для паглыбленага абмеркавання двух ключавых тэматычных напрамкаў: прамысловае накапленне электраэнергіі, а таксама дзелавое асяроддзе і магчымасці супрацоўніцтва. 













Фота Мікалая Пятрова




