Зроблены сур’ёзны рывок, павышана падрыхтоўка ваеннаслужачых — Вальфовіч аб выніках праверкі УС
22 кастрычніка, Брэст . Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфовіч 22 кастрычніка на палігоне Брэсцкі даў ацэнку вынікам праверкі Узброеных Сіл, якая праводзіцца па даручэнні Прэзідэнта,
У беларускай арміі прадаўжаецца праверка баявой гатоўнасці і выканання задач па прызначэнні воінскіх часцей. За апошні час правераны многія часці пастаяннай гатоўнасці аператыўных камандаванняў, механізаваныя і танкавыя батальёны, артылерыйскія злучэнні. «Можна зрабіць выснову, што мы бачылі пры праверцы ў першым паўгоддзі і што бачым цяпер, правяраючы воінскія часці. Вядома, вялікая розніца. Зроблены пэўны сур’ёзны скачок наперад, павышана прафесійная падрыхтоўка ваеннаслужачых», — сказаў Аляксандр Вальфовіч. Ён дадаў, што пры гэтым праблемы выяўляюцца і цяпер.
Па выніках папярэдняй маштабнай праверкі для галоўнакамандуючага падрыхтавалі дэталёвы даклад з поўным разборам. Прэзідэнт паставіў задачы па ўдакладненні праграм баявой і фізічнай падрыхтоўкі, паляпшэнні іх якасці.
Паводле слоў Аляксандра Вальфовіча, цяперашняя праверка выходзіць на фінішную прамую. Ён ацаніў дзеянні ваеннаслужачых 38-й асобнай гвардзейскай дэсантна-штурмавой брыгады. Яе дзяжурная рота па рэагаванні і адна з воінскіх часцей 19 кастрычніка па распараджэнні Дзяржаўнага сакратарыята Савета бяспекі прыведзены ў гатоўнасць да выканання задач па прызначэнні ў штаце мірнага часу. Для ваеннаслужачых вызначаны шэраг вучэбна-баявых задач: па фізічнай, агнявой і тактычнай падрыхтоўцы. Так, яны зрабілі марш і выйшлі ў раён сканцэнтравання на палігоне Брэсцкі, здалі нарматывы па бегу, падцягванні на перакладзіне (мужчыны) і падняцці тулава са становішча лежачы (жанчыны). Наступны этап — выкананне нарматываў і стральба са штатнай зброі (аўтаматаў, кулямётаў, гранатамётаў) і ўзбраення БТР-82А ў дзённы і начны час.
Гвардыі радавы Андрэй Несцярэнка служыць год. За гэты час усебакова асвоіў курс ваеннай падрыхтоўкі, атрымаў дастатковы вопыт. У экіпажы баявой машыны ён — наводчык. «Пастаянна адпрацоўваем агнявую падрыхтоўку — праз дзень, бывае і кожны дзень. Я адказваю за ўзбраенне сваёй баявой машыны — за пушку і кулямёт. На праверцы нічога складанага, проста больш увагі», — расказаў ваеннаслужачы.
Дзяржсакратар Савета бяспекі звярнуў увагу, што дэсантна-штурмавыя падраздзяленні — эліта Узброеных Сіл. «Бачу, што вынікі дзеянняў адрозніваюцца ад усіх астатніх, напэўна, у лепшы бок: больш падрыхтаваныя, больш мабільныя, больш упэўнена дзейнічаюць — тое, што павінна быць. Прытрымліваюцца дэвіза «Ніхто, акрамя нас». Вынікі сапраўды радуюць», — адзначыў Аляксандр Вальфовіч.
Ён падкрэсліў, што пакуль рабіць падагульняючыя вывады рана. Як толькі завершыцца праверка, будзе праведзены яе дэталёвы аналіз. Эксперты ацэняць вынікі, вызначаць моманты, на якія яшчэ трэба звярнуць увагу. Затым аб усім даложаць Прэзідэнту. «Праверка ўсіх структур ваеннай арганізацыі дзяржавы яшчэ не завяршылася. Ёсць на чарзе шэраг структур, якія будуць правераны да канца года», — сказаў дзяржсакратар Савета бяспекі.
Фота Віялеты Южаковай






