Грамадства

«УНС у асобах»: у Беларусі запусцілі сайт пра людзей, якія ўдзельнічалі ў лёсавызначальных для краіны рашэннях

15 кастрычніка, Мінск . Больш за 150 гісторый дэлегатаў розных скліканняў Усебеларускага народнага сходу прадстаўлены на новым інфармацыйным рэсурсе «УНС у асобах». Праект прымеркаваны да 30-годдзя УНС і прызначаны захаваць успаміны людзей, якія ўдзельнічалі ў прыняцці важных для краіны рашэнняў. Аб гэтым журналістам паведамілі на прэс-канферэнцыі «УНС у асобах» — жывы сайт пра тых, хто прымаў рашэнні для краіны»,

Сайт аб’яднаў матэрыялы раённых і абласных рэдакцый з усёй Беларусі. Журналісты знаходзілі дэлегатаў розных гадоў, запісвалі іх успаміны і збіралі фатаграфіі з сямейных архіваў. У праекце — гісторыі людзей розных прафесій: настаўнікаў, урачоў, аграрыяў, ветэранаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і раёнаў.
«Сайт «УНС у асобах» — гэта не справаздача, а жывы летапіс. Тут няма сухіх пратаколаў і афіцыйных фармулёвак. Тут — жывыя галасы. Дэлегаты расказваюць пра тое, як гэта было, аб пачуццях і аб адказнасці. І за гэтым — гісторыя, жыццё беларусаў, незалежнасць нашай краіны», — адзначыў першы намеснік міністра інфармацыі Дзяніс Езерскі.
Паводле яго слоў, праект дэманструе магчымасці рэгіянальнай журналістыкі, прадстаўнікі якой працуюць непасрэдна на месцах і ствараюць матэрыялы рэспубліканскага значэння. Намеснік міністра падзякаваў журналістам абласных і раённых рэдакцый, а таксама тэлерадыёкампаніям, якія прымалі ўдзел у падрыхтоўцы кантэнту.
Намеснік генеральнага дырэктара інфармацыйнага агенцтва «Мінская праўда» Вольга Селязнёва падкрэсліла, што праект аб’яднаў журналістаў усёй краіны і даў магчымасць захаваць індывідуальнасць кожнага рэгіёна. «У відэавізітках няма тэлевізійнага глянцу, які прывычны для нас. Там ёсць народная журналістыка, і гэта вельмі здорава, цікава і прыгожа», — сказала яна, выказаўшы надзею, што з часам на сайце з’явяцца гісторыі ўсіх дэлегатаў, а іх дзеці і ўнукі змогуць убачыць, які ўклад іх блізкія ўнеслі ў гісторыю краіны.
Намеснік начальніка сакратарыята УНС Ігар Галубіцкі адзначыў, што такі фармат дае магчымасць убачыць за архіўнымі дакументамі канкрэтных людзей. «Сайт «УНС у асобах» робіць тое, што не пад сілу простым архіўным друкаваным дакументам, паколькі ён дае магчымасць убачыць ужывую тых людзей, якія сапраўды вызначалі лёс нашай краіны», — падкрэсліў ён.
Гаворачы аб гісторыі УНС, Ігар Галубіцкі нагадаў, што першы сход прайшоў 19-20 кастрычніка 1996 года ў Мінску. Тады ў Палацы спорту сабраліся больш за 4,5 тыс. дэлегатаў з усіх рэгіёнаў краіны. Сярод ключавых пытанняў былі вызначэнне курсу развіцця дзяржавы і прыняцце першай праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на пяцігодку.

За тры дзесяцігоддзі дэлегатамі УНС у розныя перыяды сталі больш за 10 тыс. беларусаў. Сёння сход мае статут канстытуцыйнага органа. Сярод яго паўнамоцтваў — вызначэнне стратэгічных напрамкаў развіцця дзяржавы і грамадства, зацвярджэнне асноўных напрамкаў унутранай і знешняй палітыкі, канцэпцыі нацыянальнай бяспекі і праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця. Цяпер у склад УНС уваходзяць 1156 дэлегатаў. Самаму маладому з іх 20 гадоў, самаму ўзроставаму — 81 год.
Адна з гераінь праекта, дэлегат III УНС, аператар машыннага даення ААТ «Шчомысліца» Людміла Бабук адзначыла, што ўдзельнікі форуму вырашалі пытанні, ад якіх залежалі жыццё краіны і будучыня дзяцей. Для Ганны Пашкевіч, настаўніка матэматыкі Калодзішчанскай СШ №2 і дэлегата VII УНС, удзел у рабоце форуму стаў асаблівай падзеяй. Яна звярнула ўвагу на сімвалічнае супадзенне: у год 30-годдзя УНС ёй самой спаўняецца 30 гадоў.

Праект «УНС у асобах» будзе папаўняцца новымі матэрыяламі. Яго задача — захаваць не толькі звесткі аб прынятых рашэннях, але і асабістыя ўспаміны людзей, якія ўдзельнічалі ў грамадска-палітычным жыцці краіны.
Фота Андрэя Сіняўскага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»