Грамадства

«Прывыкнуць да чалавечага болю немагчыма». Дырэктар сацыяльнага пансіяната пра жыццё ў «Гармоніі» і ўнутраны рэсурс 

Больш за 10 гадоў Эльміра Шарметава ўзначальвае Мінскі гарадскі сацыяльны пансіянат «Гармонія», дзе жывуць людзі, якія маюць патрэбу ў пастаяннай увазе, падтрымцы і клопаце. Разам з калектывам дырэктар стварае для падапечных умовы, максімальна набліжаныя да дамашніх, дапамагае ім рэалізаваць сябе і інтэгравацца ў грамадства. Пагаварылі з нашай гераіняй аб выбары жыццёвага шляху, камандзе аднадумцаў і чалавечым рэсурсе, які бязмежны.
У дзяцінстве яна разам з братамі і сябрамі любіла гуляць у школу. Была ўпэўнена, што ў будучыні абавязкова стане педагогам. Так і здарылася. Эльміра Алабергенаўна з адзнакай скончыла філалагічны факультэт БДУ. У 19 год прыйшла працаваць настаўнікам пачатковых класаў у адну з мінскіх школ. Праз 11 гадоў стала намеснікам дырэктара, а потым узначаліла ўстанову.
У 2014 годзе нашай гераіні паступіла прапанова — стаць кіраўніком Мінскага гарадскога сацыяльнага пансіяната «Гармонія» (тады ён называўся Псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў № 2).
«Гэта быў усвядомлены выбар. Работа ў школе і ў сацыяльнай сферы вельмі падобная — гэта ў першую чаргу ўзаемадзеянне з людзьмі. Згадзілася з жадання дапамагаць тым, хто мае патрэбу ў пастаяннай абароне і клопаце. Я ведала, што ў мяне ёсць магчымасці даць тое, што неабходна людзям», — адзначае субяседніца.
Дырэктарам сацыяльнай установы наша гераіня працуе ўжо 12 гадоў. Тыя эмоцыі і пачуцці, якія яна зведала ў першы рабочы дзень, памятае да гэтага часу. «Былі слёзы. Вельмі складана глядзець на чалавечы боль, на людзей з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Але гэта мой выбар, мая работа, якую павінна выконваць дакладна і правільна. З першага дня вызначылася з тым, што менавіта магу даць і якія ўнутраныя рэсурсы выкарыстоўваць, каб аблягчыць жыццё пастаяльцаў пансіяната. Цяпер з гордасцю магу сказаць, што наша сацыяльная ўстанова — адна з вядучых не толькі ў сталіцы, але і ў краіне», — гаворыць Эльміра Шарметава.
Сёння ў «Гармоніі» пражывае 550 чалавек. Гэта людзі, якія пазбаўлены або абмежаваны ў дзеяздольнасці, адзінокія пажылыя грамадзяне, а таксама людзі з псіханеўралагічнымі захворваннямі. Узрост падапечных вар’іруецца ад 18 да 93 гадоў.
«Прывыкнуць да чалавечага болю і пакут немагчыма. Мая задача як кіраўніка — стварыць для падапечных умовы, набліжаныя да дамашніх», — адзначае яна.
Па выніках 2022 года за ўклад у сферу сацыяльна-эканамічнага развіцця Эльміры Шарметавай была ўручана ўзнагарода «Мінчанін года». Па прызнанні гераіні, прысваенне звання стала для яе нечаканасцю.
«Гэта быў вельмі хвалюючы і адказны момант не толькі для мяне, але і ўсяго нашага калектыву. З вялікай гордасцю прыняла гэту ўзнагароду. Лічу, яна вынік працы ўсіх супрацоўнікаў пансіяната. Ва ўстанове няма цякучасці кадраў, а гэта значыць, што людзі працуюць тут з любоўю і адкрытым сэрцам. Таксама радуюся і ганаруся дасягненнямі сваіх падапечных. Тыя ж эмоцыі адчуваю і тады, калі бачу ўдзячнасць іх сваякоў», — дзеліцца Эльміра Алабергенаўна.
Эльміра Шарметава — гераіня нашага праекта «Беларусы ў кадры». Пагаварылі з ёй аб прафесіі, у якой няма месца абыякавасці, і даведаліся, якія ўнутраныя рэсурсы выкарыстоўваць, каб працаваць у сацыяльным пансіянаце.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту.

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»