У Парыжы чакаюць да 60 тыс. дэманстрантаў на акцыях пратэсту 14 лістапада
Фота Reuters 13 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Улады Францыі чакаюць, што ў дэманстрацыях, якія пройдуць 14 лістапада ў Парыжы, могуць прыняць удзел ад 30 тыс. да 60 тыс. чалавек, паведамляе тэлеканал BFMTV.
Паводле яго інфармацыі, у сталіцы пададзены заяўкі на тры маршы, якія стартуюць з плошчы Рэспублікі. Першы арганізуе асацыяцыя Stop aux violences d’Etat (праваабарончая арганізацыя, створаная ў 2023 годзе сем’ямі загінулых і пацярпелых ад дзеянняў сілавых структур. — Заўвага БЕЛТА) пры падтрымцы праваабаронцаў. Удзельнікі выступаюць супраць законапраекта аб прэзумпцыі законнага прымянення зброі праваахоўнікамі. Другі правядуць прадстаўнікі руху «Жоўтыя камізэлькі». Яны сумесна з прафсаюзамі, маладзёжнымі арганізацыямі выступаюць супраць высокага кошту жыцця і за паляпшэнне ўмоў для студэнтаў. Трэці ініцыяваны Collectif Enfantiste (грамадзянскі рух, які выступае за абарону правоў дзяцей. — Заўвага БЕЛТА) і накіраваны супраць насілля ў дачыненні да непаўналетніх.
Арганізатары гэтых маніфестацый заявілі розныя маршруты руху, якія заканчваюцца на плошчы Нацыі і на плошчы Бастыліі.
Як паведамляе ТАСС, на гэты час прэфектура паліцыі Парыжа не адобрыла ніводны з маршрутаў. Акрамя таго, аналітыкі Міністэрства ўнутраных спраў Францыі апасаюцца магчымых рызык з пункту гледжання бяспекі, паколькі сярод арганізатараў няма прадстаўнікоў прафсаюзаў.
Міністр унутраных спраў Ларан Нуньес, які выступаў перад гэтым у эфіры тэлеканала, заявіў, што ўлады чакаюць 50-60 розных маніфестацый па ўсёй краіне. Ён не ўдакладніў, наколькі маштабныя паліцэйскія сілы будуць прыцягнуты на гэты раз для аховы парадку на вуліцах гарадоў, паабяцаўшы, што абмяркуе гэта з прадстаўнікамі сілавых ведамстваў на нарадзе на працягу дня.-0-






