У Беларусі распрацоўваюць галіновыя нормы па стварэнні даступнага асяроддзя ў сацыяльнай сферы
12 чэрвеня, Мінск . У Беларусі распрацоўваюць галіновыя нормы па стварэнні даступнага асяроддзя ў сацыяльнай сферы. Аб гэтым журналістам у прэс-цэнтры БЕЛТА паведаміла начальнік упраўлення сацыяльнай інтэграцыі інвалідаў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны Беларусі Алена Зелянко,
Паводле слоў Алены Зелянко, завяршаецца навукова-даследчая работа Міністэрства працы і сацыяльнай абароны па распрацоўцы галіновых норм для выкарыстання і арганізацыі даступнага асяроддзя. У распрацоўцы ўдзельнічае Міністэрства архітэктуры і будаўніцтвы. «Забеспячэнне даступнага асяроддзя павінна быць разумным і неперагружаным, як для людзей з інваліднасцю, так і тых, хто проста наведвае той ці іншы аб’ект», — сказала яна.
Нормы маюць рэкамендацыйны характар і закрануць ахову здароўя, адукацыю, гандаль і сацыяльную сферу ў цэлым. «У працэсе гэтай работы на працягу паўгода мы звярталіся ва ўсе зацікаўленыя арганізацыі, якія маглі даць экспертную ацэнку гэтых норм», — дадала начальнік упраўлення.
У далейшым пройдзе апрабацыя гэтых норм, Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва ацэніць іх з тэхнічнага пункту гледжання. «У новым будаўніцтве патрабаванні даступнасці асяроддзя жорстка рэгламентаваны і здаць аб’ект без іх выканання немагчыма, таму трэба разумець, як адаптаваць пад гэтыя стандарты ўжо існуючы жыллёвы фонд», — дапоўніла Алена Зелянко.
Як адзначыла намеснік старшыні камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Мінгарвыканкама Вольга Васілеўская, у гандлі важна ўлічваць шырыню праходаў паміж стэлажамі, адлегласць паміж касамі, маршрутызацыю ўсіх наведвальнікаў, што і будзе адлюстравана ў галіновых нормах. «Мы павінны разумець, якія стандарты будуць прымяняцца ў гэтым напрамку для таго, каб чалавеку было камфортна наведваць гандлёвы аб’ект», — растлумачыла яна.
Паводле слоў начальніка тэхнічнага аддзела цэнтра нарміравання і стандартызацыі навукова-праектна-вытворчага РУП «Будтэхнорм» Віталя Кадзебы, рэкамендацыі маюць практычны характар. «Будуць апісаны тэхнічныя сродкі і ўстройствы для стварэння даступнага асяроддзя. Важна, каб такія ўстройствы адпавядалі правілам пажарнай бяспекі, не перашкаджаючы экстраннай эвакуацыі, — дадаў ён. — Гэта тонкая, глыбокая работа, якая патрабуе ўсебаковага разгляду не толькі з пункту гледжання стварэння саміх умоў, але і таго, як гэта паўплывае на ўсіх грамадзян».

Было адзначана, што ў далейшым магчыма афіцыйнае замацаванне галіновых норм у заканадаўстве, калі яны дакажуць сваю эфектыўнасць.
Фота Віталя Піваварчыка

