Выставу аб Брэсцкай крэспасці і лёсе яе абаронцаў прадставілі ў славенскім Марыбары
Фота brest-fortress.by 15 верасня, Брэст . Выставу аб гісторыі Брэсцкай крэпасці «Незламаныя лёсам» прадэманстравалі ў славенскім Марыбары. Яе ўбачылі наведвальнікі Міжнароднага даследчага цэнтра Другой Сусветнай вайны, які размешчаны на месцы былога нацысцкага лагера ваеннапалонных «Шталаг XVIII D». Аб гэтым паведамілі ў мемарыяльным комплексе «Брэсцкая крэпасць-герой».
Навуковыя супрацоўнікі мемарыяльнага комплексу да гэтага часу займаюцца даследаваннем лёсу абаронцаў Брэсцкай крэпасці, удзельнікаў баёў у Брэсце, вязняў фашысцкіх лагераў. «Калі паступіла прапанова аб стварэнні выставы, мы пачалі шукаць матэрыялы. Знайшлі некалькі чалавек, якія былі ў лагеры ў Марыбары. Вырашылі пашырыць межы выставы і некалькі планшэтаў падрыхтавалі аб гісторыі Брэсцкай крэпасці праз розныя гістарычныя падзеі. Далей ішоў акцэнт на тых людзях, якія трапілі ў палон», — расказалі спецыялісты.
У аснову выставы пакладзены матэрыялы з фондаў «Брэсцкай крэпасці-герой». На 39 планшэтах былі размешчаны копіі дакументаў і фатаграфій, якія расказвалі пра гісторыю легендарнай цытадэлі над Бугам, яе абарону ў чэрвені-ліпені 1941 года, пра лёсы абаронцаў крэпасці, якія трапілі ў фашысцкі палон. Вязнямі лагера ў Марыбары Андрэю Чубараву і Уладзіміру Сашчыхіну ўдалося ўцячы і далучыцца да ўдзельнікаў руху супраціўлення на тэрыторыі Югаславіі. З Марыбара ўцёк і Ілья Бяспалаў, які стаў удзельнікам партызанскага руху на тэрыторыі сучаснай Славеніі і загінуў у 1944 годзе.
«На выставе мы паказалі супраціўленне ў палоне. Бралі матэрыялы, якія праз лёсы абаронцаў Брэсцкай крэпасці расказвалі, як людзі змагаліся, уцякалі, удзельнічалі ў руху супраціўлення, удзельнічалі ў паўстанні ў канцлагеры Бухенвальд», — дадалі ў мемарыяльным комплексе. Выстава выклікала інтарэс у наведвальнікаў. Яны задавалі пытанні аб лёсе абаронцаў і іх сем’яў, аб гісторыі Брэсцкай крэпасці.
«Гэта першы выставачны праект мемарыяльнага комплексу ў Славеніі, і гэта вялікі крок ва ўмацаванні культурных сувязей паміж нашымі краінамі. Такія праекты важны для абароны гістарычнай праўды аб Вялікай Айчыннай вайне», — падкрэслілі ў МК «Брэсцкая крэпасць-герой».






