Выданне БЕЛТА атрымала ўзнагароду Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў СНД
4 верасня, Масква /Эдуард Півавар . Выпушчаная Беларускім тэлеграфным агенцтвам кніга «Голоса мира. Со знаком качества» (на рускай мове) атрымала ўзнагароду Міжнароднага конкурсу «Мастацтва кнігі» дзяржаў СНД. Урачыстая цырымонія ўзнагароджвання адбылася 4 верасня на ХХХІХ Маскоўскім міжнародным кніжным кірмашы,
Кніга «Голоса мира. Со знаком качества» заняла другое месца ў намінацыі «Мая краіна». Гэта выданне — друкаваная версія маштабнага радыёпраекта прадстаўніцтва Міждзяржаўнай тэлерадыёкампаніі «Мір» у Беларусі. У яго аснове — 70 радыёпраграм аб тым, як у Беларусі з’яўляліся заводы і фабрыкі, якія ў далейшым сталі прамысловымі гігантамі. У БЕЛТА быў створаны дызайн кнігі, ажыццёўлена вёрстка. Акрамя таго, агенцтва прадаставіла фатаграфіі са свайго архіва. Сучасная паліграфія дала магчымасць дапоўніць выданне QR-кодам, па якім чытач можа перайсці на сайт радыё «Мір» і пачуць арыгінальныя праграмы: архіўныя інтэрв’ю, якія сталі асновай праекта.
На цырымоніі намеснік дырэктара Дэпартамента дзяржаўнай падтрымкі перыядычнага друку і кніжнай індустрыі Мінлічбы Расіі Юрый Пуля выказаў удзячнасць Міністэрству інфармацыі Беларусі. «Мінінфарм у ліпені бягучага года арганізаваў і на высокім узроўні правёў у Мінску пасяджэнне журы гэтага конкурсу. Мы вельмі ўдзячны за гэта», — сказаў ён.
Юрый Пуля паведаміў, што ўсяго на XXIII Міжнародны конкурс «Мастацтва кнігі» дзяржаў СНД былі прадстаўлены 64 выданні з Беларусі, Азербайджана, Казахстана, Кыргызстана, Расіі і Таджыкістана. Ён праходзіў у дзесяці намінацыях: «Садружнасць», «Мая краіна», «Дыялог культур», «Кніга для дзяцей і юнацтва», «Навука і адукацыя», «Арт-кніга», «Мастацтва ілюстрацыі», «Надрукавана ў Садружнасці», «Перамога» і «Гран-пры». Удзельнікі прадставілі выданні, прысвечаныя гісторыі і сучаснасці дзяржаў СНД, культурнаму ўзаемадзеянню, нацыянальнай спадчыне, дзіцячую і юнацкую літаратуру, выданні па мастацтве і кніжным дызайне.
У бягучым годзе ў конкурсе СНД «Мастацтва кнігі» Беларусь атрымала 8 прызавых месцаў. Так, лепшым у намінацыі «Перамога» прызнаны зборнік «Разам! Вялiкая Перамога!». У намінацыі «Садружнасць» перамагла беларуская кніга «Казачны свет: казкі народаў СНД». Сярод навуковых і адукацыйных першае месца заняло выданне «Чырвоная кніга Беларусі. Жывёлы. Расліны». У намінацыі «Дыялог культур» лепшым прызнаны зборнік «Янка Купала, Якуб Колас, Максім Багдановіч на мовах народаў Садружнасці Незалежных Дзяржаў». А лепшай кнігай для дзяцей і юнацтва сталі «Казкі Мірскага замка».



Дыплом другой ступені атрымала кніга «Беларускія партызаны. 1941-1944». Дыпломам трэцяй ступені ў намінацыі «Арт-кніга» ўзнагароджаны альбом «Губараў Валянцін Аляксеевіч». Акрамя таго, беларускія кнігі атрымалі некалькі спецыяльных дыпломаў.
Гран-пры конкурсу ўдастоены адразу два выданні: поўны збор твораў у дванаццаці тамах Чынгіза Айтматава, выпушчаны ў Кыргызстане, і таджыкская «Шахнамэ» («Кніга цароў»).




