«ВПК Беларусі набывае ўсё большы суверэнітэт». Баранец аб стварэнні поўнасцю беларускага аўтамата
Фота з архіва 23 жніўня, Мінск . Пасля стварэння ўласнага аўтамата Беларусь увайшла ў элітную колькасць краін, якія здольны самастойна вырабляць такую зброю. Гэту думку ў праекце БЕЛТА «У тэме» выказаў ваенны аглядальнік газеты «Комсомольская правда» палкоўнік у адстаўцы Віктар Баранец.
«Я хацеў бы адзначыць той факт, што пасля з’яўлення першага поўнасцю беларускага аўтамата Беларусь увайшла ў элітную колькасць краін, якія здольны самастойна вырабляць такую зброю. Гэта сведчыць аб тым, што беларускі ваенна-прамысловы комплекс набывае ўсё большы суверэнітэт і менш залежыць ад імпартных запчастак. Гэта вельмі важна для беларускай арміі», — сказаў Віктар Баранец.
Ваенны аглядальнік звярнуў увагу, што Беларусь вырабляе далёка не толькі аўтаматы: «Ваша краіна вырабляе зброю і ваенную тэхніку, некаторым узорам якіх я зайздрошчу. У ваенна-прамысловым комплексе Беларусі ёсць такія сектары, дзе нам ужо сёе-чаму можна павучыцца, аб чым я гавару з радасцю».
Віктар Баранец падкрэсліў, што павышэнне боегатоўнасці і баяздольнасці беларускай арміі не можа не радаваць і Расію, якая знаходзіцца ў Саюзнай дзяржаве разам з Беларуссю. «Я хачу павіншаваць беларускіх абароншчыкаў і пажадаць ім далейшых поспехаў», — адзначыў ён.
На думку ваеннага аглядальніка, кааперацыя Беларусі і Расіі ў ваенна-прамысловым сектары садзейнічае павышэнню абароннага патэнцыялу дзвюх краін. «Наша кааперацыя дапамагае паляпшаць стан спраў (у абароннай сферы. — Заўвага БЕЛТА) і якасць узбраенняў», — дадаў Віктар Баранец.
Як паведамлялася раней, Прэзідэнту пры наведванні ААТ «Кідма тэк» прадставілі ўласную поўнасцю лакалізаваную серыйную вытворчасць стралковай зброі і першы беларускі ўзор — аўтамат ВСК-100Б. ААТ «Кідма тэк» — навукова-вытворчая арганізацыя ў сістэме Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта, якая спецыялізуецца на распрацоўцы, вытворчасці і рэалізацыі высокатэхналагічнай прадукцыі ваеннага і грамадзянскага прызначэння, уключаючы стралковую зброю, сродкі аптычнага назірання, бронекамізэлькі, робататэхніку.
Работы па стварэнні ў Беларусі стралковай зброі і боепрыпасаў да яе былі пачаты ў 2018 годзе. Першым узорам стаў аўтамат серыі VSK-100 пад патрон 7,62х39, прыняты на ўзбраенне ў пачатку 2021 года. Яго вытворчасць пачалася ў студзені 2020 года з буйнавузлавой зборкі.
Стварэнне поўнасцю лакалізаванай версіі аўтамата ВСК-100Б калібра 7,62 мм знаходзіцца на фінальнай стадыі.





