Грамадства

«Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». Якія акцэнты на І УНС зрабіў Прэзідэнт

23 кастрычніка, Мінск . Першы Усебеларускі народны сход прайшоў пад дэвізам «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс», з аднайменным дакладам на форуме выступіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з 30-годдзем УНС БЕЛТА прапануе ўспомніць гісторыю аднаго з важнейшых органаў палітычнай сістэмы Беларусі. 30 гадоў, 30 фактаў, 30 публікацый — агенцтва падрыхтавала серыю матэрыялаў аб сходзе, у якіх расказвае пра станаўленне гэтага вышэйшага органа народаўладдзя і яго сучаснай ролі ў жыцці краіны.

Факт 3. Даклад Прэзідэнта на I УНС называўся «Толькі народ мае права вырашаць свой лёс». У ім абвяшчаўся курс на сацыяльна арыентаваную рыначную эканоміку

19-20 кастрычніка 1996 года ў Палацы спорту ў Мінску 4740 дэлегатаў I УНС абмяркоўвалі існуючыя эканамічныя і палітычныя праблемы. Са сваім бачаннем тады выступіў і Аляксандр Лукашэнка. Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу спыніўся на эканамічных пытаннях. Ён адзначыў, што адмова ад шокавай тэрапіі і дзікай прыватызацыі ў першыя два гады яго прэзідэнцтва дала магчымасць захаваць касцяк беларускай прамысловасці і агракомплексу. Аляксандр Лукашэнка выдзеліў тры прыярытэты, якія былі пакладзены ў аснову Праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця да 2000 года: развіццё экспарту, жыллёвага будаўніцтва і аграпрамысловага комплексу.

Асаблівая ўвага ў дакладзе была ўдзелена пытанню зямлі. Прэзідэнт жорстка спыніў спробы нацыянал-экстрэмістаў і алігархаў ператварыць беларускую зямлю ў тавар для спекуляцый. «Акрамя зямлі-матухны, у нас больш нічога няма. Гэта наша багацце», — падкрэсліваў кіраўнік дзяржавы. Быў абвешчаны курс на пабудову сацыяльна арыентаванай рыначнай эканомікі, дзе свабода прадпрымальніцтва непарыўна звязана з клопатам дзяржавы пра чалавека, без прорвы паміж багатымі і беднымі.
Шмат часу Прэзідэнт удзяліў і сацыяльнай тэматыцы. Даклад быў прасякнуты клопатам пра «маленькага чалавека», які аказаўся сам-насам з бедамі постсавецкага транзіту. Аляксандр Лукашэнка паабяцаў весці бескампрамісную барацьбу з крыміналам і карупцыяй. Але яшчэ больш важнай ён назваў вайну за духоўнае здароўе нацыі. Вяртанне да традыцыйных каштоўнасцей, абарона сям’і, падтрымка інстытута мацярынства, маладзёжная палітыка, аднаўленне прэстыжу адукацыі і навукі — важнейшыя пытанні ў эпоху глабальнага разброду.

Знешнепалітычны блок даклада расставіў усе кропкі над «i» ў пытанні нацыянальнай бяспекі. Беларусь не прымае памылковую дылему «або Захад, або Усход». Шматвектарнасць і збалансаванасць — выбар нашай краіны.

Пры гэтым кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дружба з Расіяй з’яўляецца гарантыяй суверэннага існавання беларускай дзяржавы. Прэзідэнт выкрыў дамарослых палітыкаў, якія, не маючы падтрымкі выбаршчыкаў, бягуць за мяжу, каб абылгаць уласную краіну і справакаваць знешні націск. Айчынная дыпламатыя, як падкрэсліў беларускі лідар, будуецца на пачуцці ўласнай годнасці. Беларусь гатова да дружбы, але ніколі не прыме дыктату і двайных стандартаў.
Заключнай часткай даклада стала абгрунтаванне неабходнасці канстытуцыйнай рэформы. Аляксандр Лукашэнка ўказаў на тое, што Канстытуцыя 1994 года мае шэраг заган, якія могуць выклікаць небяспечныя наступствы. Прапановы Прэзідэнта заключаліся ў стварэнні двухпалатнага парламента, дакладным падзеле ўлад, замацаванні сацыяльных гарантый і шэрагу іншых мер. Усе прапановы выносіліся на агульнарэспубліканскі рэферэндум, каб 24 лістапада 1996 года народ змог сам вырашыць свой лёс.

Усебеларускі народны сход — вышэйшы прадстаўнічы орган народаўладдзя Беларусі, які вызначае стратэгічныя напрамкі развіцця грамадства і дзяржавы, забяспечвае непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду. Пасяджэнне УНС у канстытуцыйным статусе з 2024 года праходзіць кожны год. Трэцяе пасяджэнне VII Усебеларускага народнага сходу пройдзе ў Мінску 17-18 снежня 2026 года. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»