Тавараабарот вырас амаль на 20 працэнтаў. Турчын аб выніках за 5 месяцаў у Саюзнай дзяржаве
6 ліпеня, Мінск . Тавараабарот паміж Беларуссю і Расіяй за 5 месяцаў прыбавіў амаль 20 працэнтаў. Аб гэтым заявіў на палях міжнароднай прамысловай выстаўкі «ІНАПРАМ» у Екацярынбургу прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын у час другога раўнда перагавораў са старшынёй урада Расійскай Федэрацыі Міхаілам Мішусціным, .
Кіраўнікі ўрадаў прадоўжылі абмеркаванне актуальнага парадку дня двухбаковага супрацоўніцтва. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што за гады існавання «ІНАПРАМ» даказаў сваю важнасць для дзвюх краін. На пляцоўцы можна ацаніць дасягненні прамысловасці і намеціць далейшы план узаемадзеяння.
«Узаемаадносіны дэманструюць упэўнены рост. Па выніках пяці месяцаў мы дабавілі больш як 20 працэнтаў ва ўзаемным тавараабароце. Гэта сведчыць аб тым, што мы знаходзімся на правільным шляху. У рамках Саюзнай дзяржавы вырашаем пералік пытанняў і задач ва ўмовах беспрэцэдэнтнага санкцыйнага націску, — адзначыў Аляксандр Турчын. — Упэўнены, што тэмп узаемных сустрэч, нашых дыскусій захаваецца».
Паводле слоў прэм’ер-міністра, узаемадзеянне ўрадаў знаходзіцца на найвышэйшым узроўні. «Я ўдзячны, што вы заўсёды 24/7 на сувязі, і любыя пытанні, якія ў нас узнікаюць, аператыўна вырашаем», — адзначыў Аляксандр Турчын, звярнуўшы ўвагу, што па шэрагу напрамкаў, якія ўчора абмяркоўваліся, ужо знойдзены развязкі.
Таксама прэм’ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын сустрэўся з першым намеснікам старшыні ўрада Расіі Дзянісам Мантуравым. Бакі разгледзелі пытанні прамысловай кааперацыі і імпартазамяшчэння. Аляксандр Турчын падкрэсліў, што ў дзвюх краінах рэалізуецца значная колькасць сумесных праектаў.

Як паведамлялася, выстаўка «ІНАПРАМ» пачала сваю работу ў Екацярынбургу. Краінай-партнёрам у гэтым годзе выступае Інданезія. Асноўная тэма выстаўкі — «Індустрыя 360: вытворчасць без межаў». Асаблівая ўвага будзе ўдзелена фарміраванню гібкіх вытворчасцей, ствараемых на стыку аўтаматызацыі, штучнага інтэлекту і адзіных індустрыяльных экасістэм.
Беларуская экспазіцыя на выстаўцы аб’яднала больш як 20 вядучых прадпрыемстваў: Беларускі металургічны завод, «Інтэграл», «Белкамунмаш», Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, «Магілёўліфтмаш» і іншыя флагманы прамысловасці. На стэндзе Made in Belarus прадставілі шырокую лінейку прадукцыі: ад металапракату і мікраэлектронікі да сучасных узораў электратранспарту і медыцынскага абсталявання.
Выстаўка прадоўжыцца да 9 ліпеня.
Фота Віталя Піваварчыка





