Сыр з лісічкамі, пажытнікам і нават салодкі. Сырны фэст праходзіць на «Купаллі» ў Александрыі
Фота з архіва 11 ліпеня, Александрыя . У гэтым годзе праграма рэспубліканскага свята «Купалле» («Александрыя збірае сяброў») вельмі багата на новыя лакацыі і падзеі. Адна з навінак — сырны фэст, які аб’яднаў усіх буйных вытворцаў краіны,
Ад прадстаўленай разнастайнасці разбягаюцца вочы, галава кружыцца ад водару. А каб кожны мог атрымаць асалоду не толькі ад выгляду, але і ад смаку разнастайных сартоў сыру, праходзяць дэгустацыі.
Акрамя сыроў, якія палюбіліся, вытворцы вырашылі здзівіць гасцей свята навінкамі. Калі нешта спадабалася — можна і купіць. Для гэтага арганізаваны выязны гандаль.
Як расказала намеснік генеральнага дырэктара па вытворчасці ААТ «Бабуліна крынка» Наталля Кісялёва, яны прыдумалі сваю фішку — на свята прывезлі сыр вагой 165 кг. «Асартымент сыру вельмі вялікі — усё можна паспытаць. Гэта і класічныя, і з рознымі напаўняльнікамі, дабаўкамі, смакавымі характарыстыкамі, — адзначыла яна. — Ёсць сыр з лісічкамі, з адтопленым малаком, з рознымі водарамі».
Каб выбраць самы смачны сыр, праходзіць народнае галасаванне. Паспытаўшы розныя варыянты, можна аддаць голас за той, які найбольш спадабаўся.
Прадстаўнік Глыбоцкага малочнакансервавага камбіната Вольга Рачынская расказала, што сёння тут можна паспытаць і іх навінкі. «Адна з іх — сыр з пажытнікам. Дабаўка натуральная, таму колер у сыру вельмі светлы, бліжэй да белага, — звярнула ўвагу яна. — Тут ёсць і вытрыманы сыр, які выспявае паўгода. Ён спадабаецца аматарам цвёрдых сыроў. Таксама тут класічны мармуровы, гэта ўжо сыр, які палюбіўся. А яшчэ маасдам, усім вядомы. Ён прыгожы, насычанага колеру, дзірчасты і з арэхавым смакам — яго госці пазнаюць адразу».
Дзяўчына падзялілася, што ідэя зрабіць такі фэст у рамках свята апраўдала сябе. Пляцоўка карыстаецца папулярнасцю ў гасцей, а для вытворцаў — гэта выдатная магчымасць знайсці новых спажыўцоў.
«У Беларусі вельмі вялікі выбар сырнай прадукцыі, на прылаўках яе заўсёды ў дастатку. А такія дэгустацыі даюць магчымасць людзям паспытаць нешта новае, знайсці новыя сарты, а потым набываць такі сыр у магазінах», — рэзюмавала Вольга Рачынская.






