У свеце

Сеткавая шматпалярнасць замест гегемоніі: Гутэрыш прапанаваў шлях да новага светаўладкавання

Антоніу Гутэрыш. Фота прэс-службы МЗС РФ / ТАСС 22 верасня, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Свет рухаецца да шматпалярнасці, і гэта незваротна. Аб гэтым паведаміў генеральны сакратар Арганізацыі Аб’яднаных Нацый Антоніу Гутэрыш на адкрыцці агульных дыскусій 81-й сесіі Генеральнай Асамблеі ААН у Нью-Ёрку, паведамляе БЕЛТА.

«Мы відавочна рухаемся да шматпалярнага свету, і гэты рух незваротны. Аднак шматпалярнасць можа прымаць розныя формы. Адна з магчымых форм — гэта раз’яднаны свет, які працуе па прынцыпе «паслуга за паслугу». Свет узрастальнай напружанасці і паглыблення недаверу, раздробленых рынкаў і аслабленых інстытутаў, згасаючага супрацоўніцтва і антаганістычнай гульні», — сказаў Антоніу Гутэрыш.

На яго думку, у многіх адносінах менавіта па гэтай траекторыі цяпер і рухаецца свет. Аднак, лічыць генеральны сакратар ААН, ёсць і іншы шлях.

«Шлях да сеткавай шматпалярнасці — свет, пабудаваны на ўзаемазалежнасці і змацаваны шчыльнай сеткай эканамічных, палітычных, сацыяльных і тэхналагічных сувязей. Свет, у якім мноства цэнтраў уплыву існуюць у агульных рамках міжнароднага права і адзіных норм. Такое светаўладкаванне можа дапамагчы нам пазбегнуць гегеманісцкіх тэндэнцый і таго, што я некалі назваў «вялікім расколам» — а менавіта падзел свету на два блокі-сапернікі з адасобленымі эканамічнымі і тэхналагічнымі сістэмамі, сістэмамі бяспекі. Мы павінны пазбегнуць гэтага», — заклікаў Антоніу Гутэрыш.

У той жа час ён адзначыў, што канкурэнцыя застанецца неад’емным аспектам міжнародных адносін, аднак яна не павінна азначаць канфрантацыі. «Здаровая канкурэнцыя можа стымуляваць інавацыі, умацоўваць жыццеўстойлівасць і пашыраць магчымасці. Але для гэтага яна павінна адбывацца ва ўмовах, якія забяспечваюць стабільнасць і аблягчаюць супрацоўніцтва там, дзе без яго не абысціся», — падкрэсліў генеральны сакратар ААН.

Антоніу Гутэрыш дадаў, што пабудова такой будучыні пачынаецца з прызнання звышдзяржавамі таго факта, што іх магутнасць не бязмежная, а іх улада мае межы. «Адной толькі ваеннай сілай мір не забяспечыць. Адной толькі эканамічнай магутнасцю стабільнасці не дабіцца. І адна толькі тэхналагічная моц не можа гарантаваць бяспеку», — заявіў ён.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»