Прэзідэнт Польшчы заявіў аб сілавым захопе Канстытуцыйнага суда
Фота Reuters 31 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Прэзідэнт Польшчы Караль Наўроцкі заявіў аб сілавым захопе Канстытуцыйнага суда ў Варшаве, паведамляе ТАСС.
Караль Наўроцкі сказаў, што мінулай ноччу ў сталіцы адбыўся сілавы захоп Канстытуцыйнага суда. «Той ноччу быў парушаны канстытуцыйны парадак Рэспублікі Польшча і сілай захоплены канстытуцыйны дзяржаўны орган», — прыводзіць яго словы мясцовы інтэрнэт-партал Business Insider.
Заяву прэзідэнта зачытаў кіраўнік яго кабінета Павел Шэфернакер.
Раней Наўроцкі склікаў тэрміновыя кансультацыі з прадстаўнікамі парламенцкіх партый па канфлікце вакол Канстытуцыйнага суда.
Міністр юстыцыі і генеральны пракурор Польшчы Вальдэмар Журак у эфіры тэлеканала TVN24 заявіў, што сітуацыя вакол Канстытуцыйнага суда стабілізуецца. «Пракуратура і паліцыя ў пэўным сэнсе здалі экзамен, паколькі не дапусцілі эскалацыі. Людзі, якія фактычна напалі на будынак Канстытуцыйнага суда, былі выведзены адтуль або выйшлі самі. З гэтага пункту гледжання можна сказаць, што сітуацыя стабілізуецца», — сказаў ён.
Журак таксама адзначыў, што рашэнні суддзяў для яго пераканаўчыя. Паводле яго слоў, неабходна было прававымі метадамі дабіцца таго, каб легальна выбраныя суддзі змаглі пачаць работу. «Я вельмі хацеў бы, каб адбыўся агульны сход, ён павінен вырашыць пытанні бюджэту, а таксама, магчыма, пытанні імунітэту», — дадаў міністр.
У Польшчы ўзнікла напружанне з-за рашэння прэм’ер-міністра Дональда Туска назначыць суддзёй Канстытуцыйнага суда былога міністра ў яго ўрадзе Мачэя Берака. У выніку каля будынка гэтага органа апошнія тыдні рэгулярна праходзяць пратэсты. У ноч на 31 кастрычніка сітуацыя абвастрылася. Да аховы тэрыторыі будынка былі прыцягнуты дадатковыя сілы. Пратэстуючыя сабраліся каля будынка суда і спрабавалі прарвацца праз загароду, паміж натоўпам і супрацоўнікамі паліцыі адбыліся сутыкненні.
Наўроцкі перапыніў свой палёт у Сенегал і развярнуў самалёт на Варшаву ўвечары 30 кастрычніка ў сувязі з адхіленнем ад абавязкаў в.а. старшыні Канстытуцыйнага суда Багдана Свянчкоўскага. Пасля вяртання ў сталіцу польскі лідар сустрэўся з першым старшынёй Вярхоўнага суда Збігневам Капіньскім. Пасля гэтага ў раёне апоўначы па мясцовым часе (2.00 па мінскім часе) Наўроцкі прыбыў да Канстытуцыйнага суда і прайшоў у будынак. Гэтаму спадарожнічала сутычка з суддзямі, якія стаялі каля ўвахода ў будынак і спрабавалі не пусціць кіраўніка дзяржавы, інцыдэнт быў зняты на відэа і апублікаваны суддзёй Мачэем Беракам. Сутычка таксама адбылася паміж паліцыяй і супрацоўнікамі службы прэзідэнцкай аховы.-0-






