Прэзідэнт НАК у Азербайджане: цяпер асабліва важна захоўваць і ўмацоўваць сувязі паміж спартыўнымі ведамствамі
Фота НАК Беларусі 5 кастрычніка, Мінск . Прэзідэнт Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі Віктар Лукашэнка ў Баку правёў рабочыя сустрэчы з кіраўнікамі спартыўнай галіны Азербайджана, паведамілі БЕЛТА ў прэс-службе НАК.
Рабочую праграму беларускай дэлегацыі 5 кастрычніка адкрыла сустрэча ў НАК Азербайджана з віцэ-прэзідэнтам камітэта Чынгізам Гусейнзадэ і генеральным сакратаром Азерам Аліевым. Віктар Лукашэнка адзначыў, што Азербайджан праводзіць вялікую колькасць турніраў самага высокага ўзроўню, паспяхова спраўляючыся з арганізацыяй спаборніцтваў і задаючы высокую планку якасці для ўсёй спартыўнай грамадскасці.
Бакі падкрэслілі важнасць далейшага ўзаемадзеяння паміж нацыянальнымі алімпійскімі камітэтамі і выказалі ўпэўненасць, што сумесныя намаганні паслужаць развіццю спорту і ўмацаванню дружбы паміж дзвюма краінамі.
Таксама ў час візіту ў Баку кіраўнік НАК Беларусі сустрэўся з міністрам моладзі і спорту Азербайджана, кіраўніком Еўрапейскай федэрацыі гімнастыкі Фарыдам Гаібавым. Яны абмеркавалі міжнародны парадак дня, бягучую сітуацыю ў гімнастычных відах спорту і шляхі вырашэння праблемных пытанняў.
«Для нас вялікі гонар быць гасцямі ў Азербайджане — краіне, дзе да спорту ставяцца з асаблівай увагай і павагай, — сказаў Віктар Лукашэнка. — Мы высока цэнім наша супрацоўніцтва і разлічваем на яго далейшае ўмацаванне. Упэўнены, што ў нашых краін шмат агульнага ў падыходах да развіцця спорту, выхавання моладзі і папулярызацыі алімпійскіх каштоўнасцей. Менавіта цяпер асабліва важна захоўваць і ўмацоўваць сувязі паміж спартыўнымі арганізацыямі і ведамствамі».
Беларуская дэлегацыя выказала ўдзячнасць азербайджанскаму боку за нязменна добрае стаўленне і падтрымку на міжнародных спартыўных мерапрыемствах.
Фота НАК Беларусі






