Прафілактычная акцыя МНС «За бяспеку разам» стартуе ў Беларусі 24 кастрычніка
Фота МНС 21 кастрычніка, Мінск . У Беларусі з 24 кастрычніка па 1 лістапада пройдзе рэспубліканская прафілактычная акцыя «За бяспеку разам». Аб гэтым БЕЛТА паведамілі ў прэс-службе МНС.
Прадстаўнікі МНС, органаў унутраных спраў, працы і сацыяльнай абароны, адукацыі, жыллёва-камунальнай гаспадаркі, аховы здароўя і энергетыкі будуць абследаваць жылыя памяшканні грамадзян для выяўлення і аказання дапамогі ва ўстараненні фактараў, якія ўплываюць на бяспеку жыццядзейнасці. У час акцыі любы жадаючы можа звярнуцца ў тэрытарыяльныя органы і падраздзяленні па надзвычайных сітуацыях для правядзення абследавання проціпажарнага стану свайго жылля. Можна будзе праверыць працаздольнасць і спраўнасць пажарных апавяшчальнікаў, стан печаў, катлоў і электраправодкі ў сваім жыллі.
Мэтамі акцыі стане прадухіленне гібелі людзей ад пажараў і іншых знешніх прычын, павышэнне прававой дасведчанасці грамадзян у галіне бяспекі, пашырэнне інфармаванасці насельніцтва аб магчымасці атрымання дапамогі ад дзяржарганізацый, а таксама папярэджанне правапарушэнняў, асабліва ў стане алкагольнага ап’янення.
У ведамстве нагадалі, што ў адпаведнасці з заканадаўствам адказнасць за выкананне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў жылых дамах, якія належаць грамадзянам на праве прыватнай уласнасці, ускладзена на іх уласнікаў.






