Прадпрыемствы рэальнага сектара эканомікі ў Беларусі будуць самастойна будаваць арэнднае жыллё
Фота з архіва 22 верасня, Мінск . Прадпрыемствам рэальнага сектара эканомікі ў Беларусі трэба будзе самастойна будаваць арэнднае жыллё для сваіх работнікаў. Аб гэтым ішла размова на нарадзе ў Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі на тэму перспектыў жыллёвага будаўніцтва і павышэння эфектыўнасці і выкарыстання арэнднага жылля, расказаў журналістам віцэ-прэм’ер Аляксандр Церахаў.
«Колькасць маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў за апошнія 5 гадоў штогод змяншаецца. Мы будуем шмат жылля з дзяржпадтрымкай, а таксама пачалі будаваць шмат жылля арэнднага фонду. На сённяшні дзень існуе адзіны ўлік маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў. Ён вядзецца ў выканкамах», — расказаў віцэ-прэм’ер.
Адным з пытанняў, якое абмяркоўвалася на нарадзе ў кіраўніка дзяржавы, была прапанова ўрада аб неабходнасці размежаваць улік у выканкаме і на прадпрыемстве. «Што кватэры, якія будуць будавацца за кошт бюджэтных сродкаў, павінны прадастаўляцца толькі ў арганізацыі бюджэтнага сектара эканомікі. Калі чарга маючых патрэбу ў арэндным жыллі вядзецца ў выканкаме, кватэры будуць будавацца і забяспечвацца ў ахову здароўя, адукацыю, іншыя бюджэтныя арганізацыі, у тым ліку якія атрымліваюць бюджэтныя субсідыі», — растлумачыў Аляксандр Церахаў.
Паводле яго слоў, аналагічныя чэргі павінны будуць весціся і на прадпрыемствах ужо для будаўніцтва арэнднага жылля ў інтарэсах сваіх работнікаў.
«Такім чынам, у краіне адбываецца дакладнае размежаванне, калі за кошт бюджэту будуюцца для бюджэтных арганізацый, а рэальны сектар эканомікі падзяляе гэты цяжар нагрузкі, забяспечваючы сабе стабільнасць і замацаванасць кадраў на сваім прадпрыемстве», — заявіў віцэ-прэм’ер.
Ён упэўнены, што фінансавы цяжар па будаўніцтве арэнднага жылля для работнікаў будзе пад сілу абсалютнай большасці прадпрыемстваў.
Аляксандр Церахаў зрабіў канкрэтны расклад зыходзячы з прыкладнага кошту будаўніцтва арэнднай кватэры ў памеры 200 тыс. рублёў пры тэрміне будаўніцтва жылога дома 12-13 месяцаў. Тады за месяц давядзецца ўносіць каля 15 тыс. рублёў. «Думаю, што любое больш-менш паспяховае і ўстойлівае прадпрыемства, якое знаходзіцца ў раёне, здольна пабудаваць такую кватэру», — сказаў ён.
Пры гэтым ёсць магчымасць, калі ў прадпрыемства не хапае сваіх абаротных сродкаў, узяць крэдыт, і дзяржава прадаставіць субсідыю ў памеры паловы стаўкі рэфінансавання на мэты забеспячэння работнікаў арэндным жыллём. «Крэдытная нагрузка размяркоўваецца не на адзін год, а на большы перыяд часу. Гэта ўжо зусім аблегчаная плата. Мы падлічылі і бачым, што практычна любое прадпрыемства, якое працуе хаця б крыху ў прыбытак, здольна забяспечваць гэтыя выплаты», — падкрэсліў віцэ-прэм’ер.
Трэба адзначыць, што практыка будаўніцтва прадпрыемствамі арэнднага жылля для сваіх работнікаў ужо мае месца ў Беларусі. Напрыклад, у адпаведнасці з існуючымі планамі ў гэтым годзе прадпрыемствы пабудуюць прыкладна 600 такіх кватэр, расказаў Аляксандр Церахаў.




