Грамадства

Першы рэспубліканскі форум грамадзянскіх ініцыятыў пройдзе ў 2027 годзе ў Гродне

13 лістапада, Мінск . У 2027 годзе ў Гродне плануецца правесці першы рэспубліканскі форум грамадзянскіх ініцыятыў. Аб гэтым журналістам паведаміла старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава пасля пасяджэння Савета па ўзаемадзеянні органаў мясцовага самакіравання пры Савеце Рэспублікі,
Пасяджэнне прайшло ў Дзяржынску, яго прысвяцілі рабоце сельскіх Саветаў дэпутатаў. Шмат пытанняў на пасяджэнні датычылася грамадзянскіх ініцыятыў. Іх сэнс — у рэалізацыі таго, што трэба людзям у канкрэтным населеным пункце. Абласныя форумы грамадзянскіх ініцыятыў неаднаразова праходзілі ў Гомелі. «Мы плануем у 2027 годзе правесці рэспубліканскі форум грамадзянскіх ініцыятыў. І мы шчыра ўдзячны Прэзідэнту за тое, што ён падтрымаў гэту прапанову дэпутацкага корпуса», — сказала Наталля Качанава.
Спікер звярнула ўвагу, што з 1277 дзеючых у краіне Саветаў дэпутатаў 1120 — сельскія. У іх працуюць каля 8 тыс. дэпутатаў. Гэтыя людзі жывуць і працуюць на месцах, таму непасрэдна ведаюць пытанні і праблемы, якія хвалююць грамадзян, адзначыла старшыня Савета Рэспублікі.
Паводле слоў Наталлі Качанавай, задача гэтага пасяджэння — не проста пачуць, як працуюць сельсаветы, а зверыць падыходы да выканання рашэнняў Усебеларускага народнага сходу. «Моцныя рэгіёны — гэта прыярытэт гэтай пяцігодкі, — звярнула ўвагу спікер. — Прэзідэнт неаднаразова акцэнтаваў увагу: страцім вёску — страцім краіну. А развіццё вёскі — гэта перш за ўсё работа сельскіх саветаў з людзьмі, з іх зваротамі, уважлівыя адносіны да кожнага чалавека. Калі будзе гэта ўзаемадзеянне, то пытанні ў той ці іншай мясцовасці будуць вырашацца». Сустрэчы з дэпутатамі ў шырокім складзе даюць магчымасць выявіць нямала пытанняў, над якімі давядзецца працаваць. Размова ідзе не толькі аб добраўпарадкаванні і навядзенні парадку, але і аб якасным, камфортным жыцці людзей — яшчэ адным прыярытэце сацыяльна-эканамічнага развіцця пяцігодкі. Наталля Качанава таксама адзначыла, што вопыт дэпутатаў, якія працуюць на месцах, неабходны і ў заканатворчасці. Любыя дапаўненні і змяненні заканадаўства павінны быць вывераны з практыкай, падкрэсліла спікер.
Старшыня Савета Рэспублікі акцэнтавала ўвагу на тым, што дэпутаты і старшыня сельсавета павінны бачыць сітуацыю і дапамагаць у вырашэнні пытанняў гандлёвага забеспячэння, медыцынскай дапамогі, работы сацыяльных аб’ектаў. «Трэба бачыць кожную сям’ю, якая жыве ў гэтым населеным пункце, — падкрэсліла Наталля Качанава. — Фармалізму ў гэтай рабоце не павінна быць. Патрэбна адказнае стаўленне да сваіх службовых абавязкаў і разуменне таго, што ад дэпутата ў многім залежыць дабрабыт нашай краіны».
Таксама ў Дзяржынску праходзіць сустрэча старшыні Савета Рэспублікі са старшынямі мясцовых Саветаў дэпутатаў.
Фота Андрэя Сіняўскага

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»