Пастаноўку Цэнтральнага тэатра марыянетак Цюаньчжоу прадставяць у Маладзёжным тэатры ў Мінску
Фота з архіва 19 верасня, Мінск . Спектакль Цэнтральнага тэатра марыянетак Цюаньчжоу «Жывы тэатр лялек: старажытнае мастацтва ў новым святле» прадставяць на сцэне Беларускага дзяржаўнага маладзёжнага тэатра 20 верасня. Аб гэтым паведамілі БЕЛТА ва ўстанове культуры.
Спектакль марыянетак паводле матываў кітайскай народнай творчасці складаецца з шасці яркіх міні-навел і прадстаўляе гледачам шэдэўры старажытнага марыянетачнага мастацтва. Ён аб’ядноўвае глыбокія філасофскія прытчы, класічную оперную драматургію і каларытныя народныя танцы з трукавымі нумарамі.
Цюаньчжоўскі тэатр марыянетак прыехаў у Беларусь для ўдзелу ў адкрытым фестывалі «Лялькі над Нёманам» і паспяхова ўжо выступіў у Гродне. Паказы ў Маладзёжным тэатры пройдуць у 15.00 і 18.00.
Тэхніка Цюаньчжоўскага тэатра марыянетак на нітках з’яўляецца адным з першых аб’ектаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны нацыянальнага ўзроўню ў Кітайскай Народнай Рэспубліцы. За тысячагадовую гісторыю тэатра марыянетак сфарміраваўся цэлы набор стандартызаваных прыёмаў кіравання ніткамі, а таксама ўнікальнае мастацтва разьбы галоў лялек, пластыкі лялечных вобразаў і тэхналогія іх вырабу. Захавалася больш за 700 традыцыйных п’ес і ўнікальная музыка тэатральнага жанру «Лялечная мелодыя», якая складаецца з больш як 300 меладычных узораў і напеваў.
Акрамя таго, сёння кітайскія госці правядуць майстар-клас для студэнтаў-лялечнікаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў і падораць студэнтам унікальную магчымасць дакрануцца да шматвяковай практыкі.






