Палітыка

Партыі «Белая Русь» і ZANU PF падпісалі дарожную карту супрацоўніцтва 

Фота прэс-службы партыі «Белая Русь» 12 кастрычніка, Мінск . Беларуская партыя «Белая Русь» і партыя «Афрыканскі нацыянальны саюз Зімбабвэ — Патрыятычны фронт» (ZANU PF) падпісалі дарожную карту па рэалізацыі мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве. Дакумент прадугледжвае развіццё міжпартыйнага дыялогу, гандлёва-эканамічных сувязей, узаемадзеянне ў аграрнай сферы, адукацыі, ахове здароўя і іншых напрамках, паведамілі ў прэс-службе партыі «Белая Русь».
Подпісы пад дакументам паставілі старшыня Беларускай партыі «Белая Русь» Вольга Чамаданава і генеральны сакратар ZANU PF, старшыня Нацыянальнай асамблеі парламента Зімбабвэ Джэйкаб Мудэнда. Дарожная карта стала прадаўжэннем мемарандума аб узаемаразуменні і супрацоўніцтве, падпісанага паміж партыямі 29 мая 2026 года ў Брэсце. Новы дакумент вызначае канкрэтныя напрамкі сумеснай работы. У палітычнай сферы бакі маюць намер штогод абменьвацца візітамі партыйных дэлегацый, праводзіць відэасемінары па пытаннях партыйнага будаўніцтва і заканатворчасці, а таксама развіваць інфармацыйнае ўзаемадзеянне.
Асобны блок прысвечаны гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву. Сярод перспектыўных напрамкаў — садзейнічанне рэалізацыі дамоўленасцей на вышэйшым узроўні, механізацыя сельскай гаспадаркі Зімбабвэ, пастаўкі беларускіх трактароў, мадэрнізацыя збожжасховішчаў і арганізацыя зборкі беларускіх аўтобусаў. Прадугледжана таксама развіццё міжрэгіянальных сувязей.
Супрацоўніцтва ў аграрнай сферы прадугледжвае абмен вопытам у малочнай прамысловасці, правядзенне экспертных відэаканферэнцый па аграрнай палітыцы і харчовай бяспецы. У адукацыйнай сферы бакі маюць намер садзейнічаць пашырэнню магчымасцей навучання грамадзян Зімбабвэ ў беларускіх ВНУ, у тым ліку па інжынерных, тэхнічных і кіраўніцкіх спецыяльнасцях.
У дарожнай карце таксама прадугледжаны сумесныя культурныя і гуманітарныя ініцыятывы, развіццё маладзёжных праектаў, пашырэнне турыстычнага патэнцыялу дзвюх краін і ўзаемадзеянне ў сферы інавацый. Сярод магчымых напрамкаў — выкарыстанне распрацовак Парка высокіх тэхналогій, лічбавай маркіроўкі і сістэмы прасочвальнасці  прадукцыі.
Яшчэ адзін блок датычыцца аховы здароўя: бакі маюць намер развіваць абмен вопытам, садзейнічаць пастаўкам медыцынскай тэхнікі, абсталявання і фармацэўтычнай прадукцыі, а таксама пашыраць супрацоўніцтва ў сферы медыцынскіх паслуг. Дакумент прадугледжвае і каардынацыю пазіцый у сувязі з міжнародным санкцыйным націскам.
У час рабочага візіту дэлегацыя «Белай Русі» на чале з Вольгай Чамаданавай наведала дылерскі цэнтр беларускай тэхнікі BISON AGRO MACHINERY ў Зімбабвэ, азнаёмілася з рэалізацыяй трэцяй фазы праграмы механізацыі сельскай гаспадаркі краіны, сістэмай гарантыйнага абслугоўвання і паставак запасных частак, а таксама падрыхтоўкай мясцовых спецыялістаў для работы з беларускай тэхнікай.
Цэнтр прадстаўляе тэхніку беларускіх вытворцаў, уключаючы прадукцыю Мінскага трактарнага завода, камбайны «Гомсельмаша» і абсталяванне «Бабруйскаграмаша». Таксама тут прадстаўлены беларускія грузавыя аўтамабілі і пажарная тэхніка.
У парламенце Зімбабвэ дэлегацыя абмеркавала развіццё міжпарламенцкага дыялогу, заканатворчую дзейнасць і пашырэнне гандлёва-эканамічнага ўзаемадзеяння. Сярод закранутых пытанняў — пастаўкі беларускіх угнаенняў, забеспячэнне харчовай бяспекі, стварэнне сумесных зборачных вытворчасцей і развіццё адукацыйных сувязей.
Член Вышэйшага палітычнага савета партыі «Белая Русь», старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай і маладзёжнай палітыцы Валерый Малашка адзначыў, што Беларусь надае вялікае значэнне развіццю дружалюбных адносін з Зімбабвэ. Паводле яго слоў, за апошнія гады палітычныя адносіны дзвюх краін выйшлі на стратэгічны ўзровень, пашырылася гандлёва-эканамічнае ўзаемадзеянне і сфарміравана дагаворна-прававая база супрацоўніцтва.
Першы намеснік міністра юстыцыі Беларусі, член Вышэйшага палітычнага савета партыі Наталля Філіпава, выступаючы ў парламенце Зімбабвэ, паведаміла, што дагаворна-прававая база двухбаковага супрацоўніцтва налічвае больш за 30 дакументаў, яшчэ каля 20 знаходзяцца ў стадыі прапрацоўкі. У прыватнасці, бакі працуюць над дагаворамі аб узаемнай прававой дапамозе па крымінальных справах і аб выдачы. У 2026 годзе беларускі бок накіраваў зімбабвійскім калегам абноўленыя тыпавыя праекты гэтых дакументаў.
У рамках візіту дэлегацыя таксама наведала мемарыяльны комплекс «Акр нацыянальных герояў» недалёка ад Харарэ. Удзельнікі ўсклалі вянок да Магілы Невядомага Салдата і азнаёміліся з гісторыяй мемарыяла, прысвечанага памяці тых, хто змагаўся за незалежнасць Зімбабвэ.
Развіццё міжпартыйных кантактаў ажыццяўляецца на фоне ўмацавання двухбаковых адносін Беларусі і Зімбабвэ. Дыпламатычныя адносіны паміж краінамі ўстаноўлены ў 1992 годзе. Дарожная карта стратэгічнага супрацоўніцтва і партнёрства паміж дзвюма дзяржавамі на 2026-2030 гады была падпісана ў ходзе візіту прэзідэнта Зімбабвэ Эмерсана Мнангагвы ў Беларусь у маі 2025 года. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»