Наступствы паводкі ў Тайландзе закранулі больш за 3,26 млн чалавек
Фота агенцтва па надзвычайных сітуацыях Тайланда 4 кастрычніка, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Тайландзе наступствы паводкі ў сезон дажджоў закранулі больш за 3,26 млн жыхароў каралеўства. Падтапленні зафіксаваны ў 154 раёнах 27 правінцый краіны, стыхія закранула больш за 1,17 млн дамашніх гаспадарак. Такія даныя газеты The Nation, якая спасылаецца на Дэпартамент прадухілення і ліквідацыі наступстваў стыхійных бедстваў, прыводзіць ТАСС.
Паведамляецца, што асноўны ўдар прыпаў на цэнтральныя і ўсходнія правінцыі, куды сцякаюць вялізныя аб’ёмы вады з узвышшаў на поўначы краіны. У Бангкоку ў зоне падтаплення раней апынуліся каля 329 тыс. дамашніх гаспадарак, у сталіцы адзначаны чатыры выпадкі гібелі людзей.
Як вынікае з абноўленай зводкі, у выніку стыхіі ў краіне зарэгістравана 31 ахвяра. І калі на поўначы і паўночным усходзе каралеўства вада паступова спадае, то ў шэрагу цэнтральных правінцый яна прадаўжае прыбываць. Экстранныя службы рыхтуюць спецтэхніку і помпавае абсталяванне для адпампоўкі вады з жылых зон і расчысткі транспартных артэрый.
Метэаралагічнае бюро Тайланда выпусціла штармавое папярэджанне на перыяд з 4 па 7 кастрычніка — прагназуюцца моцныя навальніцы, шквалісты вецер і праліўныя дажджы на поўначы краіны.-0-





