МЗС Кітая пацвердзіла сустрэчу Пуціна, Сі Цзіньпіна і Трампа ў Шэньчжэні
МЗС КНР. Фота ТАСС 16 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. У Міністэрстве замежных спраў КНР пацвердзілі правядзенне сустрэчы кіраўнікоў Кітая, Расіі і Злучаных Штатаў Амерыкі на палях саміта Азіяцка-Ціхаакіянскага эканамічнага супрацоўніцтва (АЦЭС). Інфармацыя размешчана на сайце ведамства.
«19 лістапада старшыня КНР Сі Цзіньпін правядзе ў Шэньчжэні сустрэчу на вышэйшым узроўні з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным і прэзідэнтам ЗША Дональдам Трампам», – адзначаецца ў паведамленні.
У Белым доме раней заявілі аб планах Трампа сустрэцца з Пуціным і Сі Цзіньпінам на палях саміта АЦЭС, які адбудзецца ў Шэньчжэні 18-19 лістапада. Прэс-сакратар кіраўніка расійскай дзяржавы Дзмітрый Пяскоў таксама пацвярджаў, што дамоўленасць аб правядзенні сустрэчы 19 лістапада ў Шэньчжэні дасягнута.
Як паведамляе ТАСС, з распаўсюджанага Белым домам 15 лістапада графіка амерыканскага прэзідэнта вынікае, што трохбаковы саміт адбудзецца ў гасцінічным комплексе Kylin Villa. Пачатак перагавораў прызначаны на 09.30 па мінскім часе. Іншых падрабязнасцей сустрэчы, якая мае адбыцца, Белы дом не прывёў. Згодна з графікам, перад трохбаковай сустрэчай з Пуціным і Сі Цзіньпінам прэзідэнт ЗША 19 лістапада прыме ўдзел у мерапрыемствах па лініі АЦЭС і правядзе двухбаковыя перагаворы са старшынёй КНР. Трохбаковая сустрэча лідараў Расіі, Кітая і ЗША завершыць чатырохдзённую паездку кіраўніка амерыканскай адміністрацыі на Філіпіны і ў Кітай для ўдзелу ў мерапрыемствах на вышэйшым узроўні па лініі АЦЭС і Асацыяцыі дзяржаў Паўднёва-Усходняй Азіі (АСЕАН).-0-






