Матацыклы і электрарухавікі: беларускія прадпрыемствы развіваюць кааперацыю з заводам у Вязьме
Фота з архіва 29 лістапада, Мінск . Беларускія прадпрыемствы развіваюць прамысловую кааперацыю з Вяземскім машынабудаўнічым заводам, ёсць перспектывы не толькі па вытворчасці матацыклаў, але і па пастаўцы электрарухавікоў. Аб гэтым заявіў журналістам кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Дзмітрый Крутой у час візіту ў Смаленскую вобласць, .
Як паведамлялася раней, у Вязьме Смаленскай вобласці наладзілі выпуск беларускіх матацыклаў. Вяземскі машынабудаўнічы завод рэалізуе з Мінскім мотавелазаводам кааперацыйны праект.
Як расказаў Дзмітрый Крутой, пляцоўку Вяземскага машынабудаўнічага завода прапанаваў губернатар Смаленскай вобласці Васіль Анохін. Хоць вяземскае прадпрыемства да гэтага спецыялізавалася на выпуску прамысловай пральнай і прасавальнай тэхнікі, тут ёсць кампетэнцыі і жаданне працаваць з беларускім бокам.
«Мы хацелі выкарыстаць магчымасці Вяземскага машынабудаўнічага завода як кропку ўваходу на расійскі рынак. На старце наш лідар дамаўляўся з губернатарам, што мы пачнём вельмі аператыўна збіраць прыкладна 500-600 машынакамплектаў у год. Гэта пэўны мінімум, з якога можна стартаваць у рамках гэтага праекта. Але мы бачым, што першы год не атрымліваецца. У бягучым годзе мы выйдзем на 85, магчыма, максімум 100 машынакамплектаў. Маёй задачай было зразумець, у чым праблема. Спецыялісты, якія займаюцца зборкай, пацвярджаюць, што якасць высокая. Прадукт запатрабваны. І нават пры невялікім аб’ёме мы абсалютна канкурэнтныя па цане. Таму сёння задача — проста павялічыць папулярнасць гэтай мадэлі. І гэта работа маркетолагаў, у тым ліку і Мінскага мотавелазавода. Трэба прапанаваць расійскім спажыўцам, можа, нейкія эксклюзіўныя праграмы, прадукты для куплі гэтай тэхнікі. Вярнуўшыся ў Мінск, мы над гэтым папрацуем», — адзначыў кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта.
Прапрацоўваюцца пастаўкі матацыклаў у тым ліку ў Іран. «Што датычыцца трэціх краін, якія не ўваходзяць у ЕАЭС, у нас падпісваюцца асобныя пагадненні па доступе на іх рынак. З Іранам перагаворы вядуцца. Іранскі рынак — адзін з самых складаных. Але ў нас вельмі добрая кааперацыя з іранскімі партнёрамі. Плануецца камандзіроўка нашага міністра прамысловасці ў Іран, і тэма допуску нашай у прамысловай прадукцыі на рынак Ірана будзе адной з ключавых у парадку дня. Але трэба ўлічваць, што Іран з’яўляецца таксама высока арыентаванай на ўнутраную вытворчасць краінай у прамысловым плане. Таму яны вельмі ўважліва адносяцца да свайго рынку. Але там, дзе мы можам знайсці агульныя падыходы, мы іх знаходзім. Іранскія партнёры гатовы і адкрыты ў рамках збліжэння на двухбаковым трэку з намі рухацца недзе да абнулення пошлін, недзе да збліжэння ўмоў», — звярнуў увагу Дзмітрый Крутой.
У «Магілёўліфтмаша» таксама ёсць перспектывы для супрацоўніцтва з Вяземскім машынабудаўнічым заводам. Паводле слоў кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, апошнія тры гады на рынку ліфтаў складаная сітуацыя, ён не расце. У Расіі скарачаюцца федэральныя праграмы субсідзіравання і рэгіянальныя бюджэты на замену ліфтаў. Гэта запатрабавала ад «Магілёўліфтмаша» аператыўнай работы па дыверсіфікацыі свайго партфеля, у тым ліку ў частцы электрарухавікоў.
«Для іх гэта была пабочная кампетэнцыя, якой яны, вядома, займаліся, быў сегмент пэўны, але яны не раслі і не маштабаваліся.У Вяземскага машынабудаўнічага завода профільнай прадукцыяй з’яўляецца прамысловае сушыльнае, пральнае абсталяванне, і яны ўбачылі, што нашы электрарухавікі даволі канкурэнтныя па цане, умовах. Але на гэтым рынку новыя тэндэнцыі, патрэбны ўжо частотныя электрарухавікі, і яны гатовы дапамагчы і з распрацоўкай дакументацыі, і, можа, недзе нават з фінансаваннем па адпаведных інвестыцыйных мерапрыемствах, каб наша прадпрыемства ў Магілёве змагло асвоіць гэту лінейку новых запатрабаваных электрарухавікоў наступнага пакалення. Акрамя таго, у нас ёсць і свае нацыянальныя фінансавыя прадукты, і мы можам сваё прадпрыемства падтрымаць. Калі ўзнікне кааперацыя і мы ўбачым, што маштабаванне гэтага рынку магчыма, то, вядома, мы дапаможам «Магілёўліфтмашу» і будзем усяляк падтрымліваць інтэграцыю нашых прамысловых прадпрыемстваў па гэтым прадукце», — абазначыў Дзмітрый Крутой.






