Беларускія гандбалісткі ўзялі серабро на турніры ў Балгарыі
Фота прэс-службы БФГ 29 лістапада, Мінск . Гандбалісткі зборнай Беларусі сталі сярэбранымі прызёрамі міжнароднага турніру IHF Nations Trophy ў Балгарыі. Для нашай нацыянальнай зборнай гэта першыя афіцыйныя спаборніцтвы пасля зняцця абмежаванняў,
Сёння ў фінальным паядынку спаборніцтваў у Краневе падапечныя Ігара Папругі з рэзультатам 22:31 уступілі расіянкам, якія, таксама як і беларускі, вярнуліся на міжнародную арэну.
На папярэднім этапе беларускія гандбалісткі разграмілі каманды Арменіі (66:5) і Балгарыі (37:22), а ў паўфінале ўпэўнена перамаглі саперніц з Косава — 33:16.
Зборная Расіі прайшла ўвесь турнір без страт, перамогшы на першым этапе гандбалістак Бельгіі — 41:16 і Косава — 37:8, а ў паўфінальным матчы гаспадынь — балгарак — 45:22.
У матчы за трэцяе месца балгарская каманда з лікам 23:20 перамагла спартсменак Косава.






