Лукашэнка назваў поўным глупствам кампанію ў заходніх СМІ аб ваеннай пагрозе з боку Расіі і Беларусі
13 кастрычніка, Мінск . Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка развеяў апасенні, якія мусіруюцца ў заходніх СМІ, наконт ваеннай пагрозы з боку Расіі і Беларусі. Адпаведныя заявы кіраўнік дзяржавы зрабіў на нарадзе па выніках праверкі баявой і мабілізацыйнай гатоўнасці 7-й асобнай спецыяльнай міліцэйскай брыгады ўнутраных войскаў МУС,
«Вы, напэўна, заўважылі ў сродках масавай інфармацыі апошнім часам пільную ўвагу нашых заходніх так званых партнёраў да таго, што адбываецца ва ўзброеных сілах нашай краіны. Іх перш за ўсё занепакоіў той факт, што мы вельмі часта, вельмі прадметна і інтэнсіўна праводзім праверкі часцей узброеных сіл. Не толькі арміі, але ўсіх узброеных сіл», — адзначыў Прэзідэнт.
«У сувязі з гэтым, карыстаючыся цяперашнім выпадкам, хачу сказаць для іх, што ніякай надзвычайшчыны тут няма. Адкрыта і сумленна было сказана мною, што мы рыхтуемся да вайны, каб яе пазбегнуць. Ні на каго мы нападаць не збіраемся, як апошнім часам у СМІ нашы заходнія «сябры» разгарнулі кампанію, што Расія нападзе на краіны Балтыі як мінімум, магчыма, на Польшчу з тэрыторыі Беларусі і разам з Беларуссю», — заявіў Аляксандр Лукашэнка.
«Другі напрамак іх крытыкі так званай адносна Беларусі, што мы збіраемся прабіць Сувалкскі калідор у напрамку Калінінградскай вобласці. Я не хачу тут апраўдвацца перад імі. Гэта — глупства поўнае», — дадаў Прэзідэнт.






