Ліпень у рэжыме тэмпературных сюрпрызаў. Якое надвор’е чакаць беларусам 17-22 ліпеня?
16 ліпеня, Мінск . Якое будзе надвор’е 17-22 ліпеня ў Беларусі, расказалі БЕЛТА ў Рэспубліканскім цэнтры па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
«Відавочна, ліпень 2026 года змагаецца за званне самага нестабільнага месяца лета. Так, першыя дні месяца, якія былі з анамальнай спякотай, змяніліся прахалодай і дажджамі на мінулым тыдні, а бягучы тыдзень падарыў нам пераважна сухое і сонечнае надвор’е. Нядоўга вагаючыся, ліпень зноў разгайдае кліматычны маятнік з адваротны бок і падрыхтуе чарговы метэаралагічны сюрпрыз у выглядзе паўночнай прахалоды ў суправаджэнні дажджоў. Калі на бягучым тыдні тэмпературны фон прадоўжыць перавышаць кліматычную норму на 1-4 градусы, то на наступным тыдні будзе на 1-4 градусы ніжэй за яе. Такая рэзкая змена надвор’я не можа прайсці ціха, таму нас чакаюць выхадныя «атмасфернай перабудовы»: навальніцы, ліўні, шквалы», — адзначылі ў Белгідрамеце.
Паводле слоў сіноптыкаў, 17 ліпеня пад уплывам вобласці павышанага атмасфернага ціску ў Беларусі прагназуецца сухое і сонечнае надвор’е. У суботу, 18 ліпеня, пры павышаным фоне атмасфернага ціску істотных ападкаў не чакаецца, толькі раніцай і днём у асноўным па захадзе краіны, дзе праявіцца ўплыў актыўных атмасферных франтоў, што перамяшчаюцца з тэрыторыі Польшчы, пройдуць кароткачасовыя дажджы рознай інтэнсіўнасці. У нядзелю, 19 ліпеня, франтальныя раздзелы прадоўжаць перамяшчацца ва ўсходнім напрамку, таму зона ападкаў распаўсюдзіцца на большую частку тэрыторыі. Месцамі дажджы будуць дасягаць моцных крытэрыяў, суправаджацца навальніцамі, моцным парывістым ветрам. Пры гэтым у Беларусі захаваецца цёплае надвор’е з тэмпературным фонам у асноўным на 1-4 градусы вышэй за сярэднія шматгадовыя значэнні.
У пятніцу, 17 ліпеня, будзе без ападкаў. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 6 градусаў па паўночным усходзе да плюс 18 градусаў па захадзе. Днём будзе 23-29 градусаў вышэй за нуль, па паўднёвым захадзе — плюс 30-31 градус.
У суботу, 18 ліпеня, будзе пераважна без ападкаў, толькі раніцай і днём у асноўным па захадзе краіны кароткачасовыя дажджы, месцамі моцныя дажджы, навальніцы. Раніцай і днём пры навальніцах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 9-15 градусаў, па захадзе — да плюс 19 градусаў. Днём будзе ад плюс 23 градусаў па паўночным усходзе да плюс 32 градусаў па паўднёвым захадзе.
У нядзелю, 19 ліпеня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць кароткачасовыя дажджы, месцамі — моцныя дажджы, навальніцы. Пры навальніцах прагназуецца ўзмацненне ветру з парывамі да 15-20 м/с. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 12 да 19 градусаў. Днём будзе ад плюс 21 градуса па паўночным захадзе да плюс 29 градусаў па паўднёвым усходзе.
«З панядзелка па сераду, 20-22 ліпеня, атмасферныя франты і няўстойлівыя паветраныя масы абумовяць дажджы ў большасці раёнаў краіны, месцамі з навальніцамі. У панядзелак, 20 ліпеня, у асобных раёнах Беларусі чакаюцца моцныя дажджы. Пры гэтым следам за франтальнымі раздзеламі пачне паступаць халаднаватая паветраная маса, тэмпературны фон панізіцца і на сярэдзіну дня стане знаходзіцца ў межах ад плюс 16-18 да 23-25 градусаў цяпла, толькі месцамі па поўдні будзе на пару градусаў цяплей. У начны і ранішні час у вільготным паветры ў асобных раёнах краіны будуць згушчацца непрацяглыя туманы», — далі прагноз сінопыткі.
У панядзелак, 20 ліпеня, на большай частцы тэрыторыі Беларусі пройдуць дажджы, месцамі — моцныя дажджы, навальніцы. Уначы і раніцай у асобных раёнах чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе плюс 12-19 градусаў. Днём будзе ад 18 да 25 градусаў цяпла, месцамі па поўдні — да плюс 27 градусаў.
З аўторка па сераду, 21-22 ліпеня, ноччу месцамі, днём на большай частцы тэрыторыі краіны пройдуць кароткачасовыя дажджы. У асобных раёнах магчымы навальніцы. Уначы і раніцай месцамі чакаецца слабы туман. Тэмпература паветра ўначы складзе ад плюс 9 да 16 градусаў. Днём будзе 16-23 градусы цяпла.
Больш актуальнай і цікавай інфармацыі пра надвор’е глядзіце ў праграме АНТ «Метэагід» на videobel.by.





