У свеце

Латвія прадоўжыла абмежаванні на выдачу віз для грамадзян Беларусі і Расіі 

Фота Unsplash 11 лістапада, Мінск /Кар. БЕЛТА/. Урад Латвіі адобрыў прапанову МЗС краіны прадоўжыць абмежаванні на прыём візавых заяў для грамадзян Беларусі і Расіі да 31 снежня 2027 года, паведамляюць латвійскія СМІ.

Пакуль абмежаванні дзейнічалі да канца бягучага года, але іх вырашылі захаваць яшчэ на адзін год. Пры гэтым прадугледжаныя выключэнні для асобных катэгорый грамадзян застануцца ў сіле.

Ад грамадзян Беларусі прадоўжаць прымаць заявы на атрыманне доўгатэрміновых віз. Для афармлення кароткатэрміновых віз па Візавым кодэксе ЕС устаноўлены асобны пералік выключэнняў. У яго, у прыватнасці, уключаны сваякі грамадзян Латвіі, члены сем’яў беларускіх грамадзян, якія маюць дзеючае права на пражыванне ў Латвіі. Аналагічныя ўмовы распаўсюджваюцца на сваякоў грамадзян ЕС, ЕЭЗ і Швейцарыі. Падаць заяву на кароткатэрміновую візу таксама змогуць работнікі транспартнай галіны і пасажырскіх перавозак, члены экіпажаў грузавых і тэхнічных рэйсаў, маракі, якія едуць да месца работы на судне або вяртаюцца пасля завяршэння службы. Таксама візу можна будзе атрымаць з-за цяжкай хваробы або смерці блізкага сваяка.

Выключэнні датычацца і некаторых катэгорый дыпламатычных і консульскіх работнікаў, членаў іх сем’яў, дыпламатычных кур’ераў і спецыялістаў, якія накіроўваюцца для тэхнічнага абслугоўвання пасольстваў.

Улады Латвіі могуць датэрмінова адмяніць, скараціць або прадоўжыць гэтыя абмежаванні.-0-

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»