Грамадства

«Жывёліна выглядае здаровай, але ўнутры ўжо ёсць змяненні». Беларуска аб тым, навошта патрэбны чэкапы для чатырохногіх

Навіны сюжэта «Праект «Беларусы ў кадры» на YouTube-канале БЕЛТА» Для работы прыйшлося асвоіць нейрасеткі. Гэты падлетак з пачатковай школы стварае камп’ютарныя гульні «Урачы робяць аперацыі ўнутры сасудаў». Кардыёлаг расказала аб перадавых тэхналогіях у рабоце Беларуска Алёна Усава ператварыла машыну хуткай дапамогі ў мабільны дыягнастычны цэнтр для жывёл і паўгода ўжо дапамагае ім захоўваць здароўе. Цяпер, каб вымераць ціск і вагу, узяць аналізы і зрабіць УГД, не абавязкова везці кошку або сабаку ў клініку і сядзець у чарзе. Доктар сам прыбудзе да вас дадому з поўнай лабараторыяй на борце. Гэта першы ў краіне праект такога ўзроўню. Як ён ствараўся і чаму важна праводзіць чэкапы жывёлам, нават калі ў іх нічога не баліць, Алёна Усава расказала карэспандэнту газеты «7 дней».

Злавіць праблему на старце 

Ідэя стварыць ветмабіль на колах у Алёны з’явілася пасля таго, як яе 16-гадовая кошка перанесла цяжкую аперацыю па выдаленні вока.

— Калі Аліса захварэла, мы доўга не маглі знайсці прычыну яе стану. Тады я і зразумела, што важна абследаваць гадаванца комплексна. І рабіць гэта трэба не тады, калі яму стала дрэнна, а значна раней. Часта, каб вылечыць адзін орган, трэба праверыць зусім іншыя. Для мяне як для ўладальніцы гадаванца гэта было навіной. І мне захацелася данесці да большай колькасці людзей, што падыходзіць да здароўя гадаванца трэба менавіта так. У той момант і нарадзіўся план стварыць выязную лабараторыю, — расказвае дзяўчына.

Выбраць спецыяліста, які змог бы прааперыраваць Алісу, у Мінску не ўдалося. Таму Алёна разам з кошкай адправілася ў вялікі ветэрынарны шпіталь у Маскву. Там дзяўчына ўбачыла, што комплексныя абследаванні і чэкапы могуць быць даступны не толькі людзям, але і жывёлам. І вырашыла, што ў Беларусі таксама павінна быць такая паслуга, прычым можна ўсё зрабіць так, каб урач прыязджаў да гадаванца, а не наадварот.
— У шпіталі я набралася смеласці, падышла да аднаго з урачоў і расказала аб праекце, які хацела б рэалізаваць, калі вярнуся дадому. Ён маю ідэю не проста падтрымаў, але і вырашыў дапамагчы. На жаль, у яго няма часу, каб прымаць паўнацэнны ўдзел у рэалізацыі, але ён згадзіўся кансультаваць мяне і дапамагаць аддалена, — прызнаецца дзяўчына. — Я яму вельмі ўдзячна за тое, што магу ў любы момант патэлефанаваць, пракансультавацца па тых пытаннях, якія датычацца менавіта ветэрынарыі.

Алёна прызнаецца: раней яе жыццё з ветэрынарыяй было звязана толькі праз уласную кошку. Але з размоў з іншымі ўладальнікамі яна даведалася аб іх галоўным болі — як нязручна вазіць гадаванца ў клініку нават на звычайны агляд.

— Калі жывёліна сур’ёзна захварэла, гаспадар знойдзе час для ўрача. А вось на планавы чэкап запісацца да некалькіх спецыялістаў, вытрымаць галодную дыету — гэта праблема. Таму большасць чакаюць сімптомаў і прыязджаюць ужо экстранна. Наш жа фармат — паўтары гадзіны каля дома ўладальніка. Ніякага лішняга стрэсу для гадаванца, усе абследаванні на месцы, — расказвае дзяўчына аб прынцыпе работы сваёй ветклінікі на колах. — Галоўная мэта — данесці да ўладальнікаў: гадаванец можа выглядаць здаровым, ёсці і гуляць, але ўнутры ўжо ідуць змяненні. Асабліва пасля шасці гадоў. Як у людзей пасля пяцідзесяці: дыябет, суставы, ціск, гармоны. Сказаць аб гэтым жывёліна не можа. Таму чакап патрэбны, каб пераканацца, што ўсё добра, ці злавіць праблему на старце, не чакаючы хваробы.

Дзеля апарата УГД праехала тысячу кіламетраў

Вярнуўшыся ў Мінск, Алёна вырашыла пратэсціраваць праект у фармаце анлайн-кансультацый. Але ўрачы працавалі толькі па аналізах, якія гадаванцам усё роўна даводзілася здаваць у іншых клініках, — попыт аказаўся нізкім. Тады дзяўчына канчаткова пераканалася: патрэбна ўласная лабараторыя на колах, каб абследаваць жывёл дома.

Перш за ўсё яна занялася пошукам аўтамабіля. Вельмі хутка высветлілася: перарабіць звычайны грузавік у ветэрынарны кабінет практычна немагчыма. Ідэальным варыянтам стала машына хуткай дапамогі. Знайсці яе ўдалося толькі ў Расіі.
— Глядзелі і ў Смаленскай вобласці, і ў Маскоўскай. У выніку знайшлі выдатны варыянт за $15 тыс. Там ужо стаяў трансфарматар і працавала электрычнасць 220 Вт. Важна было і тое, што захаваўся медыцынскі складнік салона: ён не ўбірае пахі і лёгка апрацоўваецца антысептыкамі. Але галоўнае — машына аказалася ў добрым тэхнічным стане. Калі б пачаліся паломкі, гэта ўдарыла б па бюджэце і сарвала графік, — расказала Алёна.

Пасля куплі яна адразу паехала ў Магілёў да бацькоў, і там заняліся касметычным рамонтам машыны. Тата і брат дапамаглі прывесці салон у парадак, звонку таксама паднавілі. Вярнуўшыся ў Мінск, разам з мужам сталі купляць і ўстанаўліваць абсталяванне. Па УГД-апарат, напрыклад, давялося ехаць амаль за тысячу кіламетраў: прыдатны па цане і якасці варыянт знайшоўся толькі ў Тамбоўскай вобласці. Нешта бралі ў мясцовых пастаўшчыкоў, нешта — у расійскіх.

— Многія клінікі і мы ў тым ліку выкарыстоўваем чалавечы апарат УГД — ён практычна не адрозніваецца ад ветэрынарнага. А вось з танометрам такі нумар не пройдзе, — тлумачыць гераіня. — Танометры для гадаванцаў каштуюць прыкладна ў дзесяць разоў даражэй, чым для чалавека: яны больш адчувальныя, у камплекце шмат манжэт пад розныя віды жывёл. Уладальнікі часта хочуць купіць такі ж дадому. Але калі чуюць цану, перадумваюць і разумеюць, што лепш выклікаць нас раз у некалькі месяцаў.

Пры падтрымцы сям’і Алёна абсталявала машыну даволі хутка: на касметычны рамонт, закупку тэхнікі і тэсціраванне абследаванняў спатрэбілася ўсяго два месяцы. Але заставалася сур’ёзная праблема: усё гэта адбывалася позняй восенню, і абсталяванне магло пацярпець ад маразоў.
— Мы не хацелі замарожваць тэхніку, паколькі перапады тэмпературы для яе згубныя. Таму сталі шукаць цёплы гараж з пастаянным ацяпленнем і дастатковай вышынёй: наша машына — 2,75 м. Такіх месцаў у Мінску, як аказалася, няшмат, а ў моцныя маразы яны ўсе былі заняты. Добра, што адна з баз для грузавікоў пайшла нам насустрач і за адэкватную цану здала месца на зіму, уключаючы сакавік. Праўда, лагістычна гэта было нязручна — даводзілася ездзіць на другі канец горада па машыну, потым па ўрача і потым ужо на чэкап. Але на старце мы былі рады і такому варыянту, — расказвае дзяўчына.

На першым чэкапе чакалі адразу два пацыенты

Чэкап жывёлы заўсёды пачынаецца з вымярэння ціску — пакуль гадаванец яшчэ спакойны. Ціск мераюць 5-6 разоў, а за падагульняючы паказчык бяруць сярэдні, калі значэнні адрозніваюцца. Потым урач пераходзіць да агляду вушэй, вачэй і зубоў з дапамогай спецыяльных прыбораў, пасля чаго бярэ кроў для біяхімічнага і агульнага аналізаў, праводзіць УГД брушной поласці з апісаннем усіх органаў і паралельна праводзіць забор мачы.
— Кроў для біяхіміі мы цэнтрыфугуем адразу на месцы, пасля чаго разам з мачой і крывёй для агульнага аналізу адпраўляем у халадзільнік. Пасля заканчэння абследавання вязём усё ў лабараторыю. Рэзультаты, як правіла, гатовы на наступны дзень — мы адпраўляем іх уладальніку разам з апісаннем УГД і дамаўляемся пра анлайн-кансультацыю па выніках, — расказвае Алёна.

Першыя выезды, успамінае яна, праходзілі да гадаванцаў знаёмых — трэба было адтачыць увесь працэс і алгарытм дзеянняў, праверыць, як сістэма працуе ў рэальнасці. Пераканаўшыся, што ўсё функцыянуе менавіта так, як было задумана, адкрылі запіс для ўсіх жадаючых.
— На самым першым заказе нас з ветурачом Лізаветай чакалі адразу два коцікі. Маладыя, але гаспадары ўбачылі рэкламу і вырашылі, што гадаванцаў ніколі не абследавалі і не ведаюць іх рэальнага стану. Заказалі чэкап дома — адразу для дваіх, вельмі зручна, — расказвае Алёна. — Хутка мы зразумелі, што паслуга запатрабавана. І справа не столькі ў колькасці заказаў — іх пакуль не вельмі шмат. Важней зваротная сувязь. Людзі бачылі ў сацсетках, што мы робім і як гэта дапамагае гадаванцам, выказвалі нам падзяку і падтрымку. Мы разумелі: магчыма, цяпер кагосьці адпуджвае цана, нас пакуль не ведаюць на рынку, а сума даволі значная. Але мы ўбачылі патэнцыял і зразумелі, што гэта сапраўды патрэбна. Таму цяпер арыентуемся не на колькасць чэкапаў, а на стаўленне людзей да гэтай паслугі. Думаю, многія прыглядаюцца і, калі прыйдзе час абследаваць гадаванца, звернуцца да нас.

У аддаленых раёнах нашы паслугі патрэбны нават больш

Вельмі хутка наша размова перапыняецца. У Алёны звініць тэлефон — выклікаюць з рэгіёна. Гаспадары просяць прыехаць праверыць стан гадаванца. Жывуць за 50 км ад сталіцы. Перасовачная клініка выязджае на такія заяўкі па чэкапах і вакцынацыях.

— Нам паступае шмат зваротаў. Але, на жаль, яны часта з розных гарадоў, аддаленых адзін ад аднаго на 300-500 км. Дзеля аднаго абследавання мы, вядома, не можам ехаць, таму стараемся аб’ядноўваць заказы. Напрыклад, нядаўна выязджалі ў Слуцк і Салігорск — адпрацавалі цэлы дзень з раніцы да вечара, — расказвае дзяўчына. — Гэта была наша першая камандзіроўка. Склалася ўдачна, нам спадабалася. Так мы зразумелі, што выезды ў іншыя гарады — рабочая мадэль. Людзям у аддаленых раёнах наша паслуга патрэбна нават больш, чым жыхарам сталіцы. Яшчэ адна паездка была ў Маладзечна. Цікава, што большасць заказаў там прыпадала не на сам райцэнтр, а на бліжэйшыя вёскі.
З дня на дзень ветмабіль адправіцца ў свой першы абласны горад — Магілёў.

— Мне, напэўна, самой так будзе лягчэй, таму што гэта мой родны горад. Паедзем прывычнай кампаніяй: я і наш ветэрынар Лізавета. З ёй нам вельмі пашанцавала. Я поўнасцю давяраю гэтаму ўрачу. Яна смелая — не баіцца ні вялікіх сабак, ні агрэсіўных катоў. Работу выконвае дакладна, пастаянна развіваецца, што было для мяне прынцыпова. Цяпер яна ўжо самастойна праводзіць анлайн-кансультацыі па выніках чэкапаў, — гаворыць Алёна.

У субяседніцы шмат планаў па развіцці. Для пачатку — закупіць і абсталяваць яшчэ некалькі машын, каб дапамога дайшла да як мага большай колькасці гадаванцаў.

— Калі ў нас будзе не адна машына, мы зможам выязджаць у сапраўды аддаленыя рэгіёны. Тады наша місія — павысіць працягласць жыцця жывёл — будзе рэалізавана на 100 працэнтаў, — прызнаецца Алёна. — Я ў бізнесе з 19 гадоў, займалася рознымі праектамі. Некаторыя стартапы датычыліся жывёл, але амаль заўсёды сыходзілі ў валанцёрства. Спадзяюся, цяпер не той выпадак. Мне важна, каб гэты праект прыносіў прыбытак, таму што ён вельмі затратны. Але я не хачу, каб гэта быў бізнес дзеля бізнесу. Для мяне ветклініка на колах — важны занятак, які, спадзяюся, стане справай жыцця. Мы мяняем стаўленне ўладальнікаў да здароўя іх гадаванцаў. Гэта складаная і доўгая работа. Але яна таго вартая.

Юлія ГАЎРЫЛЕНКА, фота аўтара.

*Праект створаны за кошт сродкаў мэтавага збору на вытворчасць нацыянальнага кантэнту. 

Источник

Похожие статьи

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *

Кнопка «Наверх»